Cities of translators Minsk Пераклад як выбудова прасторы стасункаў
de by

Пераклад як выбудова прасторы стасункаў

Я толькі што паспрачалася з калегам — праз артыкул Лукаса Бэрфуса “Швейцарыя звар’яцела”. Нагодай успомніць тую дыскусію на пачатку тэксту дае не сам ейны змест, але маё самаадчуванне падчас спрэчкі. Чаму гэтым разам мяне не цікавілі розныя пазіцыі ды падыходы, у сутыкненні якіх выяўляюцца новыя сэнсавыя канстэляцыі? Я была занадта ўзрушанай, негатовай прымаць супрацьлеглы пункт гледжання, паспешлівай у рэакцыях. Звычайна, калі ідзецца пра тэксты, я дыскутую інакш. Пра тэксты — але не пра людзей, тым больш пра людзей блізкіх. У гэтай спрэчцы я не дыстанцыявалася ад тэксту, бо ён быў неаддзельны ад аўтара. Лукаса Бэрфуса. Майго аўтара.

“Ён мой аўтар”, “Яна мая перакладчыца” — звыклыя фармулёўкі ў маім коле зносінаў. Як перакладчык ты заўжды выступаеш у звязку з тваімі аўтарамі, цябе пазнаюць па іх. Пры прадстаўленні на сустрэчах перакладчыкаў імёны аўтараў непазбежна гучаць заадно з тваім уласным, а то нават і замяняюць яго. “Я цябе ведаю, ты перакладчыца Лукаса Бэрфуса!” — выгукнула калега, што толькі далучылася да нашай суполкі ў перакладчыцкай рэзідэнцыі Лоорэн і не магла прыпомніць майго імя. І я адчула, што яна напраўду мяне ведае. Як у арыстакратаў да імені дадаюць назву краю, дзе яны ўладараць: “Граф такі і такі, уладар NN”, гэтак і я — Ірына Герасімовіч, перакладчыца NN. З кожным новым аўтарам пераствараецца маё імя, пераствараюся і я сама. Мая ўнутраная тэрыторыя прырастае яшчэ адным аўтарам.

Людзі, з якімі мы ўступаем у стасункі, змяняюць нас. Гэтак адбываецца і пры перакладзе. Пераклад — адзін са шляхоў, якімі людзі прыходзяць адзін да аднаго, а чужынец робіцца блізкім.

Як у любых стасунках, усё пачынаецца з выбару, майго рашэння на карысць Іншага. Нават калі пераклад робіцца на заказ, гэта я, перакладчыца, прымаю рашэнне выступаць ад імя Іншага, знайсці Іншаму месца ў маёй роднай мове, найбольш адпаведнае яму. І як у каханні ці сяброўстве, да гэтага рашэння вядзе адчуванне закранутасці, захаплення гэтым Іншым, яго прыцягальная сіла.

Рашэнне перакласці “Каалу” Лукаса Бэрфуса я прыняла, яшчэ не прачытаўшы кнігі цалкам, задоўга да таго, як прапанаваць яе выдавецтву. Голас Бэрфуса, калі ён чытаў урывак са сваёй кнігі, — вось што падштурхнула мяне да рашэння, а яшчэ сіла вобразаў, што паланілі мяне, магічны рытм ягонага чытання, яго захопленасць радыкальным поглядам на ўласнае і чужое “быццё чалавекам”. І гэтую захопленасць чалавечым быццём, якая робіць нас найсамотнейшымі істотамі ў Сусвеце і адначасова пракладае нам шлях да іншых людзей, можна было перадаць іншаму, пра што сведчыў мой стан пасля чытання. На пытанні, ці спадабалася мне, я маўчала. Убачыўшы, што Лукас Бэрфус курыць перад уваходам, я выйшла да яго на двор і сказала: “Мяркую, я зраблю вашу кнігу”. Бо я хацела адказаць яму — не, адказаць на яго, нібы на пытанне, пастаўленае мне светам. Адзіным годным адказам на Лукаса Бэрфуса, якога я пачула і які звяртаўся да мяне, было перакласці яго кнігу на маю мову, даць яму месца ў прасторы беларускай мовы і прыняць адказнасць за гэта.

Як жа я ўзрадавалася, калі ён успомніў тую кароткую размову, калі мы больш як праз год сустрэліся для працы над кнігай у перакладчыцкай рэзідэнцыі Лоорэн. Перад сустрэчай я была ў дзіўным настроі. Я ўжо так паглыбілася ў кнігу, што адчувала сябе проста змучанай ад пастаяннага ціску яе пасылу, які прымушаў мяне глянуць у твар усім паразам, перажытым мной самой. Я не хацела заставацца сам-насам з кнігай, бо вытрымаць паразы, што належаць да чалавечага быцця, можна толькі, калі побач ёсць нехта, з кім можна падзяліцца.

Да таго ж незадоўга да той сустрэчы падчас Дзён літаратуры ў Салатурне Лукас Бэрфус дыскутаваў з сябрам швейцарскага ўрада Алэнам Берсэ пра мову. Я была глыбока ўражаная дыскусіяй і пачувалася нібы з іншай планеты, бо не магла сабе ўявіць, каб у Беларусі які літаратар быў здольны размаўляць з палітыкам так сутнасна, сканцэнтраваўшыся на жыццёва важным. Пасля гэтай рэзананснай падзеі хтосьці запытаў, ці не хвалююся я, Бэрфус жа, маўляў, зорка. Ну вядома, я хвалявалася, баючыся, што ён і праўда будзе ўдаваць з сябе зорку і не пойдзе на збліжэнне. Але ён успомніў нашу кароткую размову ў Берліне, і на сустрэчы гаворка ішла не толькі пра словы ды сказы, але пра наш досвед з гэтай кнігай. Вакол нас паўстала прастора даверу, без якой немагчымы ніякі пераклад.

Без даверу нічога не атрымаецца. Пераклад — гэта інтэнсіўная дзяльба інтымным. Нібыта дзелішся з іншым чалавекам адзеннем. Абы з кім гэтага рабіць не будзеш. Дзяліць адзін тэкст — тое ж самае. Ён насіў гэты тэкст, цяпер я апранаю яго, і праміне пэўны час, пакуль ён будзе пасаваць і мне, пакуль я разнашу яго.

Прыезд Лукаса Бэрфуса ў Беларусь даў мяне магчымасць напоўніцу адчуць давер і жыць дзяльбой: сумесныя чытанні, усёчасныя размовы, згаданыя імёны людзей, што яшчэ яскравей выяўлялі нашу повязь. Ужо ў першы дзень нарадзілася “мы”, гаворка была пра “нашу” кнігу — значны момант для мяне, калі аўтар пачынае называць кнігу нашай. Гэтае “мы” шліфавалася далей на мінскіх вуліцах. Мы адкрывалі для сябе наш супольны Мінск, бо праз ягоны позірк і я знаёмілася са сваім горадам нанова. Узнікалі новыя прасторы стасункаў, прыкладам з Артурам Клінавым, беларускім мастаком і пісьменнікам, — тое радаснае пачуццё, што можна піць каву ўтрох і адчуваць сябе амаль непатрэбнай у якасці перакладчыцы, бо яны нібы па-за словамі адзін аднаго разумеюць. Важна знаходзіць сваіх людзей, нягледзячы на межы, сказаў Лукас Бэрфус у адным інтэрв’ю. Пераклад — гэта акурат той самы працэс.

Пераклад можна лічыць універсальным чалавечым заняткам, бо ў цэнтры ўвагі тут разуменне Іншага, тое, што мы наогул робім ці, дакладней, мусілі б рабіць са светам — разумець і фармуляваць уласнымі словамі.

Што ж так абурыла мяне ў той спрэчцы наконт артыкула Лукаса Бэрфуса? Цяпер мне ясна: я хацела абараніць разуменне, якое стала часткай маёй прасторы, і закіды калегі я ўспрымала як замах на гэтае разуменне. Самымі крыўднымі для мяне былі фразы накшталт “вось напісаў бы ён яшчэ тое і тое”. Мой давер да яго сведчыць, што ён не мог зрабіць іначай, не перастаўшы быць Лукасам Бэрфусам. Я не збіралася тлумачыць аўтара Бэрфуса, бо тлумачыць кагосьці цяжка, гэта прымяншае яго. Я хацела абараніць яго ад неразумення і была супраць таго, каб ад яго чакалі, што ён будзе інакшым. Ці ж гэта не знак блізкасці і любові, калі не хочаш, каб іншы быў інакшым?

“Ты занадта суб’ектыўная!” — так скончылася мая спрэчка з калегам. І я цалкам пагадзілася з гэтым, цешачыся правам быць суб’ектыўнай у дачыненні да свайго аўтара, пайшла да свайго пісьмовага стала і села пісаць гэты тэкст.

 

Пераклад з нямецкай Сяргея Паўлавіцкага

Першая публікацыя па-беларуску: www.partisanmag.by

PDF

Iryna Herasimovich, © Antonina Slobodchikova

Ірына Герасімовіч нарадзілася ў 1978 годзе ў Мінску, з 2009 года займаецца літаратурным перакладам. У яе перакладзе на беларускую мову выйшлі творы Лукаса Бэрфуса, Георга Бюхнера, Монікі Рынк, Норы Гомрынгер, Мэхдзі Марадпура, Ёнаса Люшэра, Міхаэля Кёльмаера, Франца Холера, Франца Кафкі і інш. Тройчы ўзначальвала беларуска-нямецкую перакладчыцкую майстэрню ViceVersa. З 2018 года курыруе перакладчыцкую частку форума “Міжмор’е літаратур” у арт-вёсцы Каптаруны. Яна таксама рыхтуе літаратурныя тэксты для тэатра, выступае куратаркай праектаў у сферы выяўленчых мастацтваў. Сябра Нямецкай акадэміі мовы і літаратуры. З 2021 года працуе над дысертацыяй на кафедры славістыкі Цюрыхскага ўніверсітэта.