Cities of translators Minsk Весткі з вулею
de by

Весткі з вулею

But the mother of vowels slumps from my throat
like the queen of a havocked beehive.
Valzhyna Mort, Mocking Bird Hotel

Повязь мая зь беларускай мовай гудзе, бы пчаліны рой. Повязь мая зь беларускай мовай паляцела на волю. Повязь мая зь беларускай мовай носіць імёны паэтак, перакладзеных мною: Вольга Гапеева, Марыя Мартысевіч, Вера Бурлак, Віка Трэнас, Вальжына Морт. Повязь мая зь беларускай мовай гудзе, нібы поезд. Повязь мая зь беларускай мовай — тое, што я ня ведаю гэтай мовы. Повязь мая зь беларускай мовай — імёны тых перакладчыкаў, зь якімі я працавала: Катарына Нарбутовіч, Ірына Герасімовіч, Марціна Мрохен, Андрэ Бём. Повязь мая зь беларускай мовай мае дзьве каляіны й ніколі наўпрост не ідзе. Повязь мая зь беларускай мовай — выцечка.

Повязь мая зь беларускай мовай — купэйнае месца ў спальным вагоне, самавар сапсаваны. Кранаў сьвятло ўначы, рэха ў цэхах. На мяжы повязь мая зь беларускай мовай мяняе колы. На ўвесь рост повязь маю зь беларускай мовай ня ўбачыш ніколі. Повязь мая зь беларускай мовай у спорце няўдачная. Повязь мая зь беларускай мовай празь іншыя сьпіны скача. У трэцяй клясе повязь мая зь беларускай мовай ходзіць у рускую школу. У дваццаць пяць мая повязь зь беларускай мовай вывучае польскую мову. Па прыезьдзе ў Менск мая повязь зь беларускай мовай робіцца дыпляматам і глытае алей перад кожнай размовай, тры сталовыя лыжкі. Повязь мая зь беларускай мовай гудзе ды кажа: трэці тост заўжды за каханьне.

Повязь мая зь беларускай мовай — апоўначы від на горад з трынаццатага паверху гасьцініцы «Октябрьская» ў Менску. Вуліцы бязьлюдныя, залітыя сьвятлом, халодны Горад СОНца, жорсткія цені ва ўрадавым квартале. Хацела з трынаццатага паверху зрабіць фотаздымак повязі маёй зь беларускай мовай, спроба скончылася тым, што аб’ектыў стукнуўся аб шыбу й назаўсёды застаўся адкрытым. Повязь мая зь беларускай мовай не разьлічыла дыстанцыю. Повязь мая зь беларускай мовай не заправілася дыпляматычным алеем. З тае пары мая повязь зь беларускай мовай на адно вока чарнавокая, на другое сінявокая, на трэцяе падсьлепаватая. З тае пары повязь мая зь беларускай мовай торгае павекам. Повязь мая зь беларускай мовай гудзе, як алькаголік сабе пад нос. Повязь маю зь беларускай мовай трасе. Повязь мая зь беларускай мовай цягне як сьлед. Па начах мая повязь зь беларускай мовай спыняецца пасярод поля.

Ранкам повязь мая зь беларускай мовай вядзе перамовы на кухні з матронай, каб атрымаць яшчэ адзін кубак гарбаты. Гэтым ранкам мая повязь зь беларускай мовай другога кубку гарбаты не дастае. Пасьля повязь мая зь беларускай мовай — гэта футурыстычны шпацыр між абляпаных шэрых высотак. Повязь мая зь беларускай мовай — размова са Зьмітром Вішнёвым, які на пранізьлівым ветры ўсхваляе хараство гэтых самых высотак, ён размаўляе па-беларуску, а вось я — мешанінай з польскай ды рускай. Повязь мая зь беларускай мовай — трамвай. Повязь мая зь беларускай мовай сьнежыць. Повязь мая зь беларускай мовай мяце, залятае між шыяй ды шалікам, тае.

Повязь мая зь беларускай мовай — гасьцінец. Повязь мая зь беларускай мовай — шпацыр з Вольгай Гапеевай, размаўляем па-ангельску й па-нямецку. Повязь мая зь беларускай мовай — кандытарская на раскошным праспэкце ў вяснова-зімовым Менску, сюды мяне прыводзіць Вольга Гапеева. Повязь мая зь беларускай мовай — канвэер з мноства кабет, што працуюць у гэтай краме, і ў кожнай зь іх — свая справа. У повязі маёй зь беларускай мовай адна кабета дастае пажаданую каробку цукерак з паліцы, другая — кладзе яе ў пакет, трэцяя піша цэтлік, з чацьвертай расплочваюся, пятая аддае мне пакет, шостая пальцамі ў карычневых плямах суне цукерку мне ў рот. Апошняя жанчына прыдуманая. Хоць і ведаю, што такое разьмеркаваньне працоўных абавязкаў — апарат, перажытак камуністычна-бюракратычных часоў, на імгненьне думаю, што повязь мая зь беларускай мовай магла б быць гэтай кандытарскай крамай. Апошняя, прыдуманая, жанчына была б тады вершам, які зьяўляецца, калі я са сваёй повязьзю зь беларускай мовай працую над перакладам, які — ігра ў чатыры рукі. Повязь мая зь беларускай мовай рыфмуе працу іншых жанчын. І ўсё ж мая повязь зь беларускай мовай не абавязкова жаночага полу, не абавязкова перакладная літаратура. Повязь мая зь беларускай мовай ведае шмат словаў, пра якія кажуць «яна мая» ці «яны мае». Повязь мая зь беларускай мовай заўсёды ў множным ліку. Повязь мая зь беларускай мовай — супрацьлегласьць апарату. Повязь мая зь беларускай мовай бароніцца ад бюракратыі. Повязь мая зь беларускай мовай бароніцца ад генэралісімуса, які хоча загадваць, як мусяць звацца цукеркі, на якой мове іх есьці.

Па абедзе мая повязь зь беларускай мовай гудзе, нібыта батарэя. Мая повязь зь беларускай мовай грэе, нібы рукавічка ў полі, што дае прытулак зьвярам. Повязь мая зь беларускай мовай — «учынак крэалізацыі» (Эдуар Глісан). Повязь мая зь беларускай мовай — інтэрлінэарны пераклад з рыскамі ды варыянтамі, які чытаецца, нібы турыстычная мапа, на ёй поле, на ім рукавічка. А там — усе магчымасьці выказаць думку, пераблытаныя, вывернутыя падкладкі сказанага, нябачныя шыхты пад футрам. Таму мая повязь зь беларускай мовай — шматмоўная. З-за гэтага повязь мая зь беларускай мовай запінаецца: не таму што сялянская, а таму што просека.

Повязь мая зь беларускай мовай махае на разьвітаньне з вакна цягніка. Повязь мая зь беларускай мовай махае з вакна гатэлю. Повязь мая зь беларускай мовай перасаджваецца. Повязь мая зь беларускай мовай ня ведае мовы прызначэньня, адно вакзалы ды станцыі ў транзытнай зоне, якая пашыраецца з кожнай перакладчыцкай перасадкай. У Амэрыцы мая повязь зь беларускай мовай гаворыць па-ангельску з Вальжынай Морт. Тая кажа: повязь мая зь беларускай мовай — вулей, што сьціх, а рой недзе ў іншым месцы гудзе. Я кажу: повязь мая зь беларускай мовай ня тоесная самой сабе, не нацыяналістычная, звонку яна мае салодкі прысмак. Повязь мая зь беларускай мовай — сугучча іншых моў. Повязь мая зь беларускай мовай — выцечка. Повязь мая зь беларускай мовай перакладае вершы Вальжыны Морт, напісаныя па-ангельску. Ангельскія вершы Вальжыны Морт — нібыта падрадкоўныя пераклады зь беларускай, да якіх не існуе арыгіналу. Повязь мая зь беларускай мовай вітае адсутнасьць арыгіналаў. Повязі маёй зь беларускай мовай няма дома. Повязь мая зь беларускай мовай мае дзьве каляіны й ніколі наўпрост не ідзе. Калі я перакладаю Вальжыну Морт з ангельскай, маёй повязі зь беларускай мовай нялёгка выкарабкацца, але яна ўсё ж амаль знаходзіць шлях да сябе. Повязь мая зь беларускай мовай — ранішні цягнік, цукерак каробка, высотка. Повязь мая зь беларускай мовай ляжыць супраць руху ў спальным вагоне, едзе праз мост, сама яна — мост, гудзе.

PDF

Uljana Wolf, © Alberto Novelli

Ульяна Вольф, паэтка і перакладчыца, нарадзілася ў 1979 годзе ў Берліне, дзе жыве і цяпер. Вывучала германістыку, культуралогію і англістыку. Яе вершы публікаваліся ў часопісах і анталогіях у Германіі, Польшчы, Беларусі, Венгрыі, Балгарыі, Ірландыі, Італіі, Швецыі, ЗША ды іншых краінах.

Аўтарка зборнікаў паэзіі “kochanie ich habe brot gekauft” (2005) і “falsche freunde” (2009), зборніка “выкрасленняў з санетаў “Sonne From Ort” (2012, разам з Крысціянам Хокі), а таксама эсэ “BOX OFFICE” (2010). Шмат перакладае лірыку, перш за ўсё з англійскай мовы. Вольф была адзначана прэміяй імя Петэра Гухеля, стыпендыяй імя Аўгуста Вільгельма фон Шлегеля як выкладчыца паэтыкі перакладу (2019) і стыпендыяй Нямецкага літаратурнага фонду і вілы “Аўрора” ў Лос-Анжэлесе. За зборнік эсэ і прамоў “Etymologischer Gossip” у 2022 годзе ўзнагароджана прэміяй Лейпцыгскага кніжнага кірмашу.