Cities of translators Minsk Буйным планам
by de

Буйным планам

Пераклад у Беларусі большы за пераклад. Гэтае сцверджанне не здаецца перабольшаннем, асабліва калі гаворка заходзіць пра мастацкі пераклад на беларускую мову. Я абмеркавала гэта з перакладчыкамі, якія ў 2000–2010-х гуртаваліся пераважна пры Перакладчыцкай майстэрні Беларускага Калегіума ў Мінску, а таксама сама адказала на пытанні. Мэтай было высветліць, як мы адчуваем гэтую тэзу сёння, у пераломны момант для ўсёй беларускай культуры. 

Анлайн-часопіс перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет” і кніжная серыя “PostScriptum”, кніжная серыя “Паэты планеты” выдаўца Змітра Коласа, незалежная кніжная серыя “Амерыканка”, альманах “Мінская школа” – вось асноўныя ініцыятывы, непасрэдна звязаныя з перакладам, якія мы прадстаўляем. 

Асобна стаіць маналог класіка беларускага перакладу Васіля Сёмухі, частка пісьмовага інтэрв’ю, якое “дзядзька Васіль”, як мы яго называлі, даў мне, калі я рыхтавала разгорнуты матэрыял пра дзяцей пад акупацыяй для штотыднёвіка “Новы час” у 2010 годзе. Гэты даўні адказ на яшчэ не зададзенае пытанне я лічу самым каштоўным у сённяшнім зборы галасоў.

 


 

Татьяна Светашёва
ПЕРЕВОД КАК ВЫЗОВ

Павал Касцюкевіч
ПЕРАКЛАД ЯК СУБЛІМАЦЫЯ

 


 

ПЕРАКЛАД ЯК ТРАЎМА

Павел Касцюкевіч (Paval Kasciukievič) гутарыць з Марыяй Мартысевіч

 

Раскажы, як з чалавека, якая перакладае паэзію і прозу, ты ператварылася ў выдаўца і прамоўтарку перакладаў.

Мы з англамоўнымі перакладчыкамі прыдумалі серыю “Амерыканка” ў 2010 годзе, а ў 2017 выдалі першую кнігу – “Палёт над гняздом зязюлі” Кена Кізі ў перакладзе Аляксея Знаткевіча. Сем гадоў мы спрабавалі знайсці сродкі на выданне. Унутры Беларусі ў 2010-я гэта было немагчыма. Калі пераклады з кантынентальных еўрапейскіх краін маглі быць падтрыманыя культурнымі фондамі, то літаратура Брытаніі і ЗША не трапляла ў такія праграмы. І ў гэтым парадокс, бо англійская – самая папулярная замежная мова ў Беларусі. Многія літаратары перакладаюць “для сябе” вядомыя кнігі, якія лічаць “сваімі”. Серыю “Амерыканка” (так мы называем жыхарку Амерыкі, від більярда і турму КДБ у Мінску) склалі творы, якія, на наш погляд, аб’ядноўвае тэма свабоды і чалавечай годнасці.

З 2015 года ў Беларусі запрацавалі платформы краўдфандынгу, і я зразумела, што гэта шанц для нашых перакладаў. Першую кампанію па зборы сродкаў я планавала доўга, правяла яе з размахам – і гучна праваліла.

Няўжо наўмысна?

Амаль. Я адразу заявіла, што хачу выдаць чатыры кнігі, і выставіла за іх велізарную, на думку беларусаў, суму: больш за 10 000 еўра. Я ўвесь час адказвала на пытанні журналістаў і чытачоў: чаму так шмат? Гэта дапамагло мне данесці да шырокіх мас праблемы нашага кніжнага рынку. Апроч таго, мне хацелася паказаць маштаб. Што гэта серыя, якая можа ператварыцца ў сур’ёзны праект, а не проста разавая акцыя салідарнасці.

Стан беларускай культуры на той час быў такі, што дапамога ў выданні кніг успрымалася як дапамога цяжкім хворым ці ахвярам катастроф, – і грошы прасілі з той жа інтанацыяй. Я вырашыла ўключыць пазітыў. Наша кампанія называлася “Лета з «Амерыканкай»”: мы тры месяцы паказвалі фільмы, рабілі бясплатныя курсы англійскай мовы, каб сабраць грошы. І хоць кампанія правалілася, мы з перакладчыкамі прыцягнулі ўвагу мецэнатаў і да 2019 года адну за адной выдалі пяць кніжак аўтараў ЗША і Канады. А потым гэтак жа крэатыўна прэзентавалі. Напрыклад, аўтограф-сесія “Байцоўскага клубу” выглядала як групавая тэрапія ў закінутым завадскім цэху, дзе са столі капала вада. Перакладчык Сярж Мядзведзеў выпісваў “рэцэпты”. Мне давялося здабыць халат медсястры, каб удзельнічаць у перформансе. Потым мы пару разоў паўтарылі шоў на кніжных фэстах.

Ці праўда, што вы варылі мыла, каб прыцягнуць увагу да кнігі?

Я ні пры чым! Гэта прыдумаў перакладчык. Усе стваральнікі кніг мелі максімальную свабоду самавыяўлення. “Амерыканка” – свайго роду творчая лабараторыя. На нашых акцыях перакладчыкі, выдаўцы і чытачы сустракаюцца, каб абмеркаваць амерыканскую літаратуру, абмяняцца ідэямі і выказаць узаемныя чаканні. Мы даем пачаткоўцам магчымасць зрабіць першыя крокі ў перакладзе мастацкай літаратуры. Перакладчыкі, рэдактары і мастакі могуць эксперыментаваць з мовай, стылем і кніжным дызайнам.

Ці мела ты нейкія ноў-хаў з распаўсюдам кніг?

Дзякуючы таму, што першыя асобнікі чытачы выкупалі праз краўдфандынг, у нас стварылася ўстойлівае кола прыхільнікаў. Да таго лічылася, што аўдыторыі ў перакладных беларускіх кніг няма. Я настойвала, што чытачы ёсць, проста іх “трэба вычасаць грабянцом, як блох з сабакі”. Здаецца, такое параўнанне ў стылістыцы нашых аўтараў нікога не пакрыўдзіла. Потым усё было, як звычайна. Машыны ў мяне няма – наклады кніг я развозіла па кнігарнях у багажных сетках дзіцячых вазкоў, спачатку пад адным сынам, потым – з іншым. Гэта амбівалентнае адчуванне. З аднаго боку – эйфарыя ад таго, што ты пачынаеш сваю справу, што гэта пачатак чагосьці вялікага, з іншага – трывога. Няўжо я ўсё жыццё буду цягаць кнігі ўручную? Няўжо іх заўсёды будзе так мала? Спачатку дзіцячы вазок, потым старэчая торба для паходу на рынак?

Мяне маральна падтрымала знаёмства ў 2019 годзе з Вірджыні Шыманец . Гэта дырэктарка невялікага кніжнага выдавецтва ў Францыі, яно называецца “Le Ver à Soie” і выдае па-французску славянскую літаратуру. Вірджыні мае беларускія карані. Яна расказала мне, што любіць прыехаць са сваімі кнігамі на фермерскі рынак у ваколіцах Парыжу і прадаваць іх побач з мясам ці гароднінай. Бо важна ламаць стэрэатыпы. Я ўсцешылася, бо ў Беларусі спрабавала рабіць тое самае. Адно што ў нас не так проста прадаваць кнігі дзе заўгодна – гэта збольшага забаронена. Але я ўдзельнічала ў барахолках, дзе людзі прадаюць старыя рэчы. Прывозіла туды свае выданні і гандлявала. Перакласці і выдаць кнігу для мяне было лягчэй, чым стаяць з таварам, раскладзеным на падлозе. Цяжка было пераадолець сорам.

Што самае дзівацкае ты рабіла для беларускага перакладу?

Самым дзівацкім сваім учынкам я лічу ўдзел у лобі. У 2017 годзе літаратар Антон Брыль папрасіў мяне агучыць на Кангрэсе Міжнароднага ПЭНа ягоны праект. Ён хацеў прапанаваць сусветным арганізацыям ініцыяваць скасаванне капірайту для перакладных кніг на мовах, якія маюць у класіфікацыі ЮНЕСКА статус уразлівых. Часта актуальныя ў свеце творы не выходзяць на “малых” мовах, бо для літаратурных агенцый гэта невыгодна. Прынамсі, выдаўцы не атрымліваюць адказаў на свае запыты. Пры тым, што некаторыя беларускія перакладчыкі не толькі працуюць бясплатна, але прапануюць выдаўцам уласныя грошы на выкуп правоў.

Прапановай Брыля было стварэнне чагосьці накшталт “зялёнага лэйблу”. Змяшчэнне гэтай пазнакі ў перакладную кнігу дало б магчымасць носьбітам малых моваў легальна чытаць новыя бестселеры, класіку ХХ стагоддзя, а кнігі не каштавалі б дорага.

Я агучыла гэтую прапанову, і яе раскрытыкавала прадстаўніца іншай славянскай краіны. Яна сказала, што на іх мове таксама размаўляе няшмат людзей, але мова не класіфікаваная як уразлівая, таму для іх зніжак не будзе, хоць выкуп аўтарскіх правоў на пераклад для іх таксама цяжкасць. Але самае непрыемнае адбылося потым. Пасля мяне выступала пісьменніца з Індыі, якая абараняла правы тамільскай мовы. Яна паведаміла, што тамільскія перакладныя кнігі купляюць вельмі добра – носьбітаў гэтай мовы налічваецца да 70 мільёнаў. Але той год у тамільскай культуры азмрочыўся забойствамі блогераў і журналістаў. І тады старшыня секцыі павярнулася да мяне і сказала: “Вось бачыце, беларусы, вас хаця б не страляюць”.

Наша “лібералізацыя” 2011–2020 гадоў замінала міжнароднай падтрымцы?

Лібералізацыяй гэты час не быў. Кніжная справа, выданне перакладаў адбываліся толькі дзякуючы грамадзянскай супольнасці і насуперак дзяржаўнай палітыцы ў сферы культуры. Выдаўцы і перакладчыкі называюць, прынамсі, тры саступкі, якімі дзяржава, калі захацела б, магла лёгка дапамагчы. Гэта зніжэнне або адмена ПДВ на кніжную прадукцыю (у Беларусі гэты падатак сёння складае 20 %). Гэта дазвол для бібліятэк закупаць у свае фонды любыя кнігі (сёння яны абавязаныя замаўляць у першую чаргу кнігі дзяржаўных выдавецтваў, а толькі потым – калі застануцца сродкі – прыватных). І ўрэшце, Беларусь, хоць і з’яўляецца краінай Усходняга партнёрства, не можа ўдзельнічаць у праграмах “Крэатыўнай Еўропы”. У 2021 годзе ў рамках гэтай праграмы, напрыклад, вылучалі 5 мільёнаў еўра на мастацкі пераклад. Для такога ўдзелу міністэрства культуры мусіла б ратыфікаваць пэўныя дакументы, а для гэтага беларускім уладам трэба было палепшыць сітуацыю са свабодай слова. Сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека, ціск на НДА і медыя не перапыняліся з 1996 года. Каментар пра “вас не страляюць” быў сумным для мяне, таму што, на мой погляд, у свеце пануе вялікая цярпімасць да несправядлівасці, і толькі кроў ды гвалт здольныя зрабіць уражанне.

З улікам усяго, пра што мы гаварылі вышэй: чаму ты перакладаеш?

Для кожнай кнігі адказ будзе розны.

Раскажы, напрыклад, як з’явіліся чарнавікі на фота.

1/3

Гэта пераклад паэзіі Антонія Эдварда Адынца з польскай на беларускую. За паўтара года я зрабіла тысячу рыфмаваных радкоў, якія ён цытуе ва ўспамінах. Я працавала ў радзільні, а потым з немаўлём на руках, таму і фота – каб паперкі не згубіліся. Гэта быў вельмі цяжкі пераклад, маральна і тэхнічна, але я ўзялася за яго. Аляксандр Фядута, ініцыятар выдання, імкнуўся зрабіць даступнымі беларускаму чытачу мемуары Адынца, адну з важных крыніц, па якой мы сёння можам вывучаць інтэлектуальную гісторыю Беларусі ХІХ ст. Я пагадзілася пасля таго, як Фядуту адмовілі два іншыя перакладчыкі. Спецыялістаў па такіх тэкстах у нас вельмі мала. Я вырашыла перакласці вершы, калі даведалася, чаму Фядута хоча выдаць кнігу.

І чаму ж?

У 90-я Фядута быў вядомы як паліттэхнолаг, які дапамог Аляксандру Лукашэнку перамагчы на выбарах. Ён лічыць гэта сваёй вялікай памылкай. Фядута піша і перакладае кнігі па гісторыі Таварыства філаматаў і філарэтаў, бо так ён “выкупае віну”. Гэта, кажа ён, адзінае, што ён здольны зрабіць для беларускай гістарычнай памяці як даследчык літаратуры. Фядута выдаў і прэзентаваў кнігу Адынца ў 2020 годзе. З красавіка 2021 года ён вораг улады, сядзіць у турме па цяжкім абвінавачанні.

Табе не здаецца, што ты расказала нейкія аж занадта траўматычныя гісторыі?

Дык пераклад літаратуры ў Беларусі гэта і ёсць чыстая траўма. Няўжо ты яшчэ не зразумеў гэтага?

PDF

Maryja Martysievič (privat)

Марыя Мартысевіч: Паэтка, перакладчыца, публіцыстка, арганізатарка культурных праектаў. Нарадзілася ў 1982 годзе ў Мінску. Перакладае паэзію і прозу з англійскай, польскай, рускай, украінскай, чэшскай моваў на беларускую. Каардынатарка шматлікіх культурных праектаў, арганізатарка літаратурных падзей. З 2017 года – рэдактарка незалежнай кніжнай серыі “Амерыканка”, з 2020-га – кніжнай серыі “Gradus” у выдавецтве Змітра Коласа. Выдала шэраг перакладных кніг і чатыры ўласныя. У 2019 годзе атрымала за кнігу “Сарматыя” дзве літаратурныя прэміі. Жыве ў Мінску.