Cities of translators Буйным планам

Vasil Siomucha | Васіль Сёмуха
ПЕРАКЛАД ЯК «ПОМСТА»

Васіль Сёмуха з сваім перакладам Бібліі. Фота Сяргея Шапрана

Класік беларускай школы мастацкага перакладу. Нарадзіўся ў 1936 годзе каля Пружан. Вывучаў нямецкую мову ў МДУ імя Ламаносава, з 1959 года займаўся ў Мінску літаратурнай працай і выкладаннем нямецкай мовы. У 1967 годзе быў выключаны з Саюзу пісьменнікаў «…за зносіны з замежнымі пасольствамі і спробу выдаць “Фаўста” ў Мюнхене». «Фаўст» Ё. В. Гётэ ў яго перакладзе ўпершыню выдадзены ў 1976 годзе. У 2001 годзе зрабіўся кавалерам ордэна «За асаблівыя заслугі перад ФРГ». Перакладаў паэзію, прозу найперш з нямецкай, але таксама з дзясятка іншых моў на беларускую. Аўтар самага поўнага і папулярнага беларускага перакладу Бібліі (2002). Памёр у 2019 годзе ў Мінску.

Адкуль цікавасць да моваў? Усё пайшло ад мамы. Мама Марыя, сялянка з вёскі Куплін (паўтара кіламетра ад Пружаны). Вучылася ў Пружане, у польскай ці то школе, ці гімназіі. Ведала рускую мову (граматна перапісвалася з братам, які жыў у Амерыцы), польскую, ідыш (70 % жыхароў Пружаны былі габрэі), нямецкую. Сама палешка і дома гаварыла толькі па-палеску.

З першых дзён вайны я ўжо ведаў, што немцаў трэба баяцца, фактаў хапала. А першая сустрэча адбылася ўзімку. Мама тчэ кросны. Я сяджу каля яе злева. І тут наехалі немцы з суседняй вёскі Смаляніцы (там была камендатура з гарнізонам, і там жыла мая цётка Ганна). Усчаўся гвалт. У пакой зайшоў немец і прыступіўся да мамы, пачаў распытваць, настаўляючы пісталет да скроні то ёй, то мне. Абое гаварылі па-нямецку. Я быў тадыташні, а не сённяшні, таму нічога не зразумеў. А на кухні тым часам білі тату, чуліся крыкі, потым стрэл – гэта застрэлілі сабаку Мэру. На гэты стрэл немец выйшаў і больш не вяртаўся. Гэта было першага разу, калі я пачуў нямецкую гаворку.

Другі раз – ужо летам 1942 года. Прачнуўся раніцай ад нямецкіх галасоў. Ляжаў з галавою накрыты коўдрай, пачуў з другога пакоя і хуценька шмульнуў пад ложак. Там сядзеў, а яшчэ больш спаў ад страху трое сутак, пакуль немцы былі на хутары. Пасля яны кагосьці абстралялі на ўзлессі і засаду знялі. Са Смаляніцы прыгналі падводы вывозіць усё хатняе і быдла. Сярод падводчыкаў была і мая цётка Ганна. Яна і выкалупала мяне з-пад ложка. Бацькоў яшчэ першае раніцы арыштавалі і звезлі ў Смаляніцу. Цётка пазней казала, што ў сяле мама ёй крыкнула: «Ганно, там Вася зостаўса». Таму яна і напрасілася ў падводы. Пасадзіла мяне на воз, загрузілася чым там прыйшлося і паехала з абозам, а з узлесся я ўжо бачыў, як гарэў наш хутар. З паўгода цёця лячыла мяне і вадзіла да знахарак і шаптух. «Од пэрэляку ліэчыла і одкачвала», – казала.

Увесь той час у Смаляніцы і некалькі гадоў пасля вайны цёця, як магла, падтрымлівала маю веру ў вяртанне бацькоў: «От, мне якраз Марыля прысьніласа, сказала, жджы мэнэ, хутко будэмо дома!.. Вэрнуцца, вэрнуцца і маці, і бацько, я от навэтко до Маланкі сходзіла, коб карты кінула: то сказала, нэ буойтэса — осё воны обое, ужэ ў дорозі дохаты, жджыэтэ, хутко будут»... А праўду ж ведала: расстралялі іх у 1942-м у пружанскай турме.

Праўду я даведаўся, ужо калі жыў у Пружане… А далей былі пытанні: чаму, за што, – і бясконцыя спробы знайсці адказ, і прошукі адказу ў саміх немцаў, у іх мове, літаратуры, гісторыі, культуры. Але гэта ўжо былі іншыя немцы – не фашысты. Яны і прывялі мяне да перакладу, да «помсты» вось такім шляхам, які я сабе выбраў.

PDF