Cities of translators Буйным планам

Ihar Krebs | Ігар Крэбс
ПЕРАКЛАД ЯК ЛЕКАВАННЕ

Ігар Крэбс дома. Фота Юліі Цімафеевай

Нарадзіўся ў 1969 годзе ў Віцебску і, як многія жыхары Беларусі, пераехаў у сталіцу студэнтам – ён выпускнік Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Вядомы найперш сваімі перакладамі з нямецкай мовы: ён абеларусіў “Прыгоды барона Мюнхгаўзэна”, казкі Вільгельма Гаўфа, а таксама вершы Георга Гайма і Генрыха Гайнэ. Таксама перакладае паэзію з англійскай і рускай моў. З 2013 года актыўны ўдзельнік перакладніцкага анлайн-праекта “ПрайдзіСвет”. Два гады жыў і лячыўся ў Ізраілі, потым вярнуўся ў Мінск.

Я перакладаю для сябе. Мне радасна трымаць у руках сваю кнігу і, зрабіўшы якасны пераклад, чуць кампліменты ад калег – і ўсё ж гэта другаснае. Галоўнае для мяне – задавальненне ад пошуку рашэння для складаных задач і ад таго, што яно ўсё ж знаходзіцца. Цяжка адмовіцца ад гэтых невялічкіх удач, ад гэтых гармонаў шчасця: я рады быць “наркаманам” такога кшталту.

Нямецкая і беларуская – мае родныя мовы. Не матчыны, бо першай маёй мовай была руская, – а менавіта родныя. Я магу праз слова лезці ў слоўнік і рабіць памылкі ў сказах, але я дакладна ведаю, што адчуваў Гайм, пішучы верш, чаму ён выбраў тое слова, а не гэтае, і якім беларускім словам перадаць ягоныя пачуцці. Магчыма, у гэтай маёй ілюзіі вінаваты мой настаўнік, які гутарыў з намі па-нямецку, а не ўдзёўбваў у галовы склоны і канчаткі. А ў выпадку з беларускай мовай – настаўніца літаратуры, якая так чытала на памяць Максіма Багдановіча, што прымушала кожнае слова адчуваць скурай.

Мне было дванаццаць або трынаццаць, калі настаўнік нямецкай даў класу заданне перакласці на рускую невялікі верш Гайнэ. Я паспрабаваў – і нечакана ў мяне атрымалася. Так гэтая гісторыя і пачалася: я скупіў у кнігарнях усяго Гайнэ, цэлымі днямі перакладаў – не мог спыніцца. Потым я вярнуўся да перакладу вершаў, калі вучыўся ў лінгвістычным. Тады ж пад уплывам падзей 1990-х я перайшоў на беларускую мову. Але паступова ўсё сышло на нішто – магчыма, таму, што мне не хапала літаратурнага асяроддзя.

Маім галоўным заняткам стала жыццё. Я лічыў сябе шчаслівым, пакуль не захварэў і не страціў усё і ўсіх, апроч некаторых сяброў. Але самай вялікай стратай была страта надзеі. Калі няма будучыні, можна заняцца тым, што так ці інакш заўсёды сядзела ў галаве, – паэтычным перакладам. У самы чорны ў маім жыцці перыяд даўняя сяброўка Марына Шода пазнаёміла мяне з перакладчыцай Ганнай Янкутай, якая пачала вельмі далікатна перасаджваць мне перакладчыцкі мозг, як незадоўга да таго ізраільскія дактары – касцявы. Я выжыў, і з тых часоў пераклад для мяне – будучыня і надзея, вялікая, амаль штодзённая радасць, такая ж, як для габрэя-верніка – штотыднёвы шабат.

Праглядаючы цяпер спіс сваіх перакладаў, я разумею, наколькі значная доля ў ім тэкстаў, звязаных з габрэйскай тэмай: “Габрэйскія мелодыі” Генрыха Гайнэ, публіцыстыка і раман Тэадора Герцля, вершы ізраільскага паэта Барыса Штэрна. Магчыма, пераклад для мяне – яшчэ і спосаб разабрацца з уласнай ідэнтычнасцю, сустрэцца з мінулым. Калі так, то гэтую задачу ён выконвае выдатна.

Я зарабляю продажамі. Любыя продажы для мяне – азартны від спорту. Мне падабаецца перамагаць у ім. Безумоўна, пераконваць пакупніка атрымліваецца нашмат лепш, калі ты сам верыш у «тавар», і асабліва калі ўдзельнічаеш у яго стварэнні. Прадаючы кнігі на кірмашах і імпрэзах, арганізоўваючы збор сродкаў на літаратурныя праекты, я сутыкаюся з блізкімі па духу людзьмі. Гэта вельмі прыемна – зазіраць такім людзям у вочы, адчуваць, што мы свае. Шмат грошай на беларускіх кнігах пакуль не заробіш, таму для мяне продаж кніг – хутчэй, спосаб падсілкавацца ад іншых энергіяй. Такі вось кніжны вампір.

У Беларусі зусім малы кніжны рынак, не існуе дзяржаўнай падтрымкі кнігавыдання. Таму няма нічога дзіўнага, што ў такіх умовах перакладчык(ца) траціць час на арганізацыйныя пытанні, а не на падбор небанальнай мужчынскай рыфмы. І гэта не заўсёды кепска. Для кагосьці ўдзел у выданні, прамоцыі – працяг творчага працэсу, шанц праявіць сябе ды паўплываць на культурную сітуацыю ў краіне. Аднак у прафесійных мастацкіх перакладчыкаў і перакладчыц усё ж павінна быць магчымасць нармальна жыць на заробленыя працай сродкі. Пакуль гэтага не будзе, мастацкі пераклад на беларускую мову можна лічыць аматарствам, хай сабе і высокага ўзроўню.

PDF