Cities of translators Буйным планам

Volha Kałackaja | Вольга Калацкая
ПЕРАКЛАД ЯК ХОБІ

Вольга Калацкая пасля суда ў сваёй кватэры ў мінскім мікрараёне Серабранка, куды яна выправілася адбываць хатні арышт. Фота Надзі Бужан

Нарадзілася ў Мінску ў 1971 годзе. Скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, дзе пасля выкладала англійскую мову і пераклад. Таксама выкладала мастацкі пераклад у незалежнай акадэмічнай ініцыятыве Беларускі Калегіум. Вядомая як перакладчыца прозы з англійскай мовы на беларускую, удзельнічала ў дубляжы кінафільмаў для незалежных суполак і тэлеканалаў. Таксама яна стваральніца англійскіх версій многіх турыстычных, краязнаўчых і іншых папулярных выданняў пра Беларусь. Жыве ў Мінску. З сакавіка 2021 года знаходзіцца пад хатнім арыштам за ўдзел у маршах пратэсту ўвосень 2020 года.

 

Пераклад мастацкай літаратуры для мяне хобі. Я перакладаю для сябе тое, што чапляе асабіста. Чытаю кнігу, і калі што-небудзь моцна закранула, у мяне можа ўзнікнуць жаданне гэта перакласці. Часам атрымліваецца, што падчас працы ты вырастаеш з тэксту і паціху траціш да яго цікавасць як да аб’екта перакладу. Не факт, што пераклад пабачыць нехта яшчэ.

Я перакладаю ад рукі. За камп’ютарам я магу перакладаць немастацкі тэкст. Мастацкі – толькі ад рукі. Над паперай мне зручней думаць. Пошук адпаведнікаў, найлепшых сінтаксічных структур ідзе іначай.

Мяне не надта хвалюе, ці дойдзе кніга да шырокага чытача. Аднак мне заўсёды было важна меркаванне майго рэдактара – Валянціна Акудовіча. Калі выдавецтвы потым не зацікавіліся маім перакладам, – значыць, не лёс. Мне абсалютна няважна, каб кніга была надрукаваная. А цяпер увогуле надышоў такі час, што перакладаць мастацкія тэксты ўжо не хочацца.

Перакладчык і прамоўтар перакладу для мяне – дзве розныя прафесіі. Выдатна, калі яны сумяшчаюцца ў адным чалавеку. Але, як на мяне, для таго, каб быць добрым культуртрэгерам, трэба мець якасці, супрацьлеглыя якасцям добрага перакладчыка. Праца перакладчыка – інтравертная. Важная якасць перакладчыка – уменне засяродзіцца, выключыць усе гукі, апроч голасу аўтара. Праца культуртрэгера патрабуе майстэрства выступаць на публіку. Гэта праца экстраверта і, можа, у нейкім сэнсе – трошачкі нарцыса. Для мяне выступ на публіку – пакута. Таму я гэтым не займаюся. Рэдкія выключэнні толькі пацвярджаюць правіла. Напрыклад, калі я (на тваё запрашэнне) чытала маналог Пенелопы з “Пенелапіяды” Маргарэт Этвуд на вялікім літаратурна-музычным вечары, мне было некамфортна ад таго, што там вельмі гучна, шмат публікі. Я шчыра пакутавала, адчувала сапраўдны фізічны боль ад рэзкай музыкі і крыку.

Урывак з нашага з табой перакладу гэтай кнігі я зачытала ў сваім апошнім слове ў судзе ў сакавіку. Заступніцтва Міжнароднага ПЭНу, асабіста словы падтрымкі ад Маргарэт Этвуд і розгалас, які ўзняўся ў свеце, цалкам верагодна, зрабілі мой прысуд мякчэйшым, чым ён мог быць.

Я трапіла за краты ў студзені і правяла два месяцы ў турме ў Жодзіне. Мяне тады моцна падтрымалі іншыя перакладчыкі, наша дружная прафесійная супольнасць. Вельмі ўдзячная літаратарам, якія хадайнічалі за мяне ў судзе. Я ўдзячная ўсім, хто пісаў мне лісты, хто зрабіў усё, каб мая справа атрымала рэзананс. Гэта неверагодна падтрымлівае за кратамі – калі мы з калегамі можам абмяркоўваць прафесійныя праблемы ў лістах. Напрыклад, ты даслала мне вынікі турніру перакладчыкаў, калі адзін беларускі верш двойчы пераклалі на англійскую мову. І я мела магчымасць таксама параўнаць пераклады і выказаць сваё меркаванне. З перакладчыцай Кадзуа Ісігура Ганнай Янкута мы ліставаліся пра кнігу “Не адпускай мяне”. Я ведаю, што мне пісалі лісты па-англійску, але яны не дайшлі. Іх не перадаюць вязням – таму што цэнзары не валодаюць замежнымі мовамі.

PDF