Paval Kasciukievič | Павал Касцюкевіч
ПЕРАКЛАД ЯК СУБЛІМАЦЫЯ
Празаік і перакладчык. Нарадзіўся ў 1973 годзе ў Мінску. Рос у Зялёным Лузе, пасля – каля студыі “Беларусьфільм”. Студэнтам з’ехаў у Ізраіль, адкуль вярнуўся ў родны горад у 2008 годзе. Паводле сваёй пазнавальнай і папулярнай у чытача манеры ён, хутчэй, сярэднявечны перакладчык – з тых, хто ўносіць у тэкст шмат індывідуальнасці і нават дапісвае сваё (дызайнеры стараюцца вылучыць устаўкі колерам). Часта выбірае тэксты, дзе героі – дзівакаватыя вандроўнікі. Напрыклад, Білі Пілігрым з культавай кнігі Курта Вонегута або галактычныя стопшчыкі Дугласа Адамса.
Напачатку пераклад быў для мяне сублімацыяй нацыянальнага пачуцця. Мне было важна паказаць, што я беларус, але без сцягоў і клятваў, без вопраткі і сімволікі. Паколькі беларусы – запозненая нацыя, у мяне гэтае пачуццё развілося ў 1990-я. Шмат каго з маіх аднагодкаў тады нацыянальнае не кранала. Мне было важна абеларусіць нешта для іх – я ўзяўся за літаратуру.
З цягам часу пераклад стаў для мяне сублімацыяй асабістых перажыванняў, якія я не магу ці не хачу выказваць праз уласную прозу. Таму ў перакладах я шукаю аўтараў, сугучных мне.
Я працую ў выдавецтве “Логвінаў” і перакладаю для гэтага выдавецтва. У такой пазіцыі ты як бы дыпламат: гуляеш за выдаўца (твая задача, каб кніга выйшла), але цудоўна разумееш фобіі перакладчыкаў (стараешся згладзіць вуглы, каб бакі прыйшлі да разумення). Не сакрэт: паміж перакладчыкамі і выдаўцамі заўсёды лёгкі недавер, і ты мусіш належаць да абодвух сусветаў, маючы на мэце галоўную задачу – выхад кнігі.
Пераклад з ангельскай мовы – для людзей, з іўрыту – для сябе. Я бяру вядомыя англамоўныя тэксты, якіх няма па-беларуску. Так я аддаю доўг культуры і людзям. Пераклад з іўрыту – больш прыемная, эгаістычная праца.
Я перакладаю з іўрыту і не перакладаю з ідышу. Ідыш – сэрца габрэйска-беларускай культуры, іўрыт – сэрца ідышу. Маючы семіцкае сэрца, ідыш мае славянска-нямецкае моўнае цела. Беларуская мова і ідыш – сястра і брат. У іх культурная і вобразная блізкасць моўнага ландшафту, падобная пластыка і нават цэлая туса нефальшывых сяброў перакладчыка. З іўрытам даізраільскім, на якім пісалі беларуска-габрэйскія пісьменнікі, варта асцярожней. Спакайней. Бо той са сваімі наватворамі, большая частка якіх не прыжылася ў жывым сучасным іўрыце. Гэта мова хоча выйсці за межы мястэчка і яго жандара – ідышу, на ўяўны прастор габрэйскай літаратуры. Беларускі іўрыт хоча патрапіць у вечнасць, абмінуўшы фортку сучаснасці (то бок анігіляваць ідыш).
Перакладаць з ізраільскага іўрыту прасцей. Варта памятаць, што гэта – сынок ідышу. Падрослы сынок, у якога цалкам адрозныя ад бацькі інтарэсы і жыццё.
Як спадчыннік габрэяў, якія жылі ў Беларусі, я хачу, каб нашых аўтараў называлі ў падручніках “беларускімі пісьменнікамі” – ні больш і ні менш. Адам Міцкевіч і Сяргей Пясэцкі, якія пісалі па-польску, – нашы, а Мэндэлэ Мойхер-Сфорым і Майсей Кульбак чым горш? Яны не клапаціліся пра дзяржаўнае самавызначэнне і моўную тоеснасць беларусаў, нават тэм такіх не заўважалі, але натхняліся менавіта Беларуссю. Здаецца, гэтага дастаткова.