Cities of translators Minsk Беларускія лёсы рускага “Анегіна”
by de

Беларускія лёсы рускага “Анегіна”

сцежкай праз стагоддзе

Externer Inhalt
Ich bin damit einverstanden, dass mir externe Inhalte von player.vimeo.com angezeigt werden. Damit werden personenbezogene Daten an Drittplattformen übermittelt. TOLEDO hat darauf keinen Einfluss. Näheres dazu lesen Sie in unserer Datenschutzerklärung.

У чэрвені 1941 года ў Менску па прыватных адрасох ляжалі адразу два белавыя рукапісы беларускага перакладу “Яўгенія Анегіна”: адзін, зроблены Алесем Дударом, – у ягоным пакоі на вуліцы Правадной, другі, зроблены Аркадзем Куляшовым, – у кватэры па вуліцы Маскоўскай. 

Паміж гэтымі адрасамі ў Менску – самае большае пяцьсот метраў. Гэты раён сталіцы меў неафіцыйную назву “Добрыя мыслі”: колішняя рабочая слабодка, дзе сяліліся пераважна чыгуначнікі, бо менавіта тут месціўся адзін з менскіх вакзалаў, разыходзіліся рэйкі на Брэст і Лібаву, увесь час ішла напружаная праца па пагрузцы-разгрузцы вагонаў, фармаванні саставаў, рэмонту паравозаў. Тут жа, за станцыяй, была невялікая карчомка “Добрыя мыслі”, дзе бавілі вольны час мужчыны і куды прыбягалі за імі раззлаваныя доўгай адсутнасцю гаспадара жонкі. 

Падчас першай бамбардзіроўкі ў чэрвені 1941 частка дамоў былой слабодкі згарэла: раён бамбілі, каб знішчыць абсталяванне чыгункі. Згарэў і рукапіс, што ляжаў на Маскоўскай: Куляшоў з сям’ёй прабіраўся за лінію фронту, і ратаваць маёмасць не было каму. А з дома на Правадной падчас той самай бамбардзіроўкі паперы з роўнымі радкамі перакладу вынесла мама перакладчыка: яе сын, беларускі паэт Алесь Дудар, быў расстраляны ў 1937-м, і пераклад “Анегіна” – ці не адзінае, што захавалася ў яе ад сына пасля ператрусаў і канфіскацый, – у сям’і зберагалі як найвялікшую каштоўнасць. 

Між тым афіцыйна першым перакладчыкам “Анегіна” на беларускую ўсё ж стаў Куляшоў: па вяртанні ў Менск ён зрабіў працу наноў, і ў 1947 годзе ягоны пераклад быў з помпай выдадзены ў СССР. Уратаваны рукапіс Алеся Дудара, імя якога было забаронена ў савецкім літаратуразнаўстве, чакаў публікацыі 80 год. 

Але мы мусім вярнуцца нашмат раней у часе, каб зразумець гэтую гісторыю – бадай, адну з самых драматычных перакладчыцкіх гісторый у сусветнай літаратуры, ад пачатку да канца. У ёй, як у люстэрку, адбіваецца драматычнае беларускае ХХ стагоддзе.


У 1937 годзе па ўсім СССР мусілі быць праведзеныя маштабныя мерапрыемствы да сотых угодкаў гібелі Аляксандра Пушкіна, рускага нацыянальнага паэтычнага генія. Паколькі нацыянальная палітыка СССР у перспектыве мела мэтай паступовае, але няўхільнае знішчэнне нацыянальных адрозненняў, моў і літаратур, а таксама аб’яднанне ўсіх народаў у рэчышчы рускай культуры, гэтыя ўгодкі мелі не толькі культурніцкае, але і палітычнае значэнне. Па ўсіх савецкіх рэспубліках былі створаныя спецыяльныя Пушкінскія камісіі, падпарадкаваныя адмысловаму і вельмі прадстаўнічаму Пушкінскаму камітэту ў Маскве, якія мусілі арганізаваць як урачыстыя іпрэзы памяці Пушкіна, так і выданне перакладаў самых значных твораў рускага генія на нацыянальныя мовы. 

Alesj Dudar, Foto: © Lidzia Malinina

У БССР такую камісію ўзначаліў Янка Купала – народны паэт, найвялікшы аўтарытэт у беларускай літаратуры. Сярод ягоных задач была і самая няпростая: размеркаваць паміж літаратарамі творы Пушкіна для перакладу. 

У той час беларуская літаратура жыла пад жудасным ціскам унутранай рэспубліканскай і маскоўскай цэнзуры, у варунках метадычных рэпрэсій, асабліва – рэпрэсій супраць нацыянальнай інтэлігенцыі. Большасць кваліфікаваных перакладчыкаў знаходзілася ў высылках, частка тых, хто пакуль яшчэ заставаўся на волі, пасля папярэдніх арыштаў і судоў не мела магчымасці друкаваць уласныя творы, і таму пераклад, а тым больш пераклад па дзяржаўнай замове, быў для іх і хлебам, і магчымасцю хаця б нейкім чынам заставацца ў літаратуры. Акрамя гэтага, мелі значэнне і асабістыя амбіцыі: даручэнне перакладу Пушкіна, атрыманае ад самога Янкі Купалы, сведчыла пра асаблівы статус, прызнанне таленту, давала магчымасць перакладчыку назаўсёды пакінуць сваё імя ў сусветнай паэзіі. 

Асабліва чакалі, каму будзе даручаны пераклад “Яўгенія Анегіна” – культавага рамана рускай літаратуры, паэтычнай вяршыні пушкінскай творчасці. Сярод тагачасных паэтаў было некалькі сур’ёзных прэтэндэнтаў на пачэсную ролю першага перакладчыка “Анегіна”. Таленавіты лірык Пятро Глебка, глыбокі па думках і ўспрыманні класічных традыцый Тодар Кляшторны, малады і надзвычай амбітны Аркадзь Куляшоў, нарэшце, сам Янка Купала, жывы класік, да таго ж – прафесійны і дасведчаны перакладчык.  

Рашэнне Купалы было нечаканым. Ён аддаў пераклад “Анегіна” паэту, які фактычна лічыўся “персонай нон грата” ў літаратурным працэсе: пасля двух арыштаў і двухгадовай высылкі ён не меў права выдаваць уласныя зборнікі, яго з цяжкасцю бралі ў друк і ніколі не далучалі да сур’ёзных публічных культурніцкіх ініцыятыў. 

Між тым гэта сапраўды быў адзін з самых дасведчаных і таленавітых беларускіх перакладчыкаў: надзвычай здольны лінгвістычна, ён добра валодаў нямецкай, французскай, польскай, украінскай мовамі, першым у Беларусі пераклаў “Фаўста” Гётэ, “Зімнюю казку” Гайнэ, “Вільгельма Тэля” Шылера, “Жаніцьбу Фігаро” Бамаршэ. Да пачатку палітычнага пераследу Алесь Дудар (сапраўднае імя – Аляксандр Дайлідовіч) быў адным з самых заўважных маладых паэтаў беларускай літаратуры і вылучаўся, на думку крытыкаў, высокай паэтычнай культурай і творчай смеласцю. 

Дудар узяўся за пераклад з вялікім імпэтам і падрыхтаваў яго ў даволі кароткі тэрмін, у адпаведнасці з выдавецкай дамовай. Згодна з планам Пушкінскай камісіі, усе перакладчыкі мусілі здаць працу 1 лістапада 1936 года. Белавы рукапіс Алеся Дудара быў гатовы напрыканцы кастрычніка. 

31 кастрычніка Дудар быў арыштаваны. У доме па вуліцы Правадной прайшоў маштабны ператрус, пры якім былі забраныя лісты, чарнавікі, паперы, амаль усё, акрамя непатрэбнага следчым “Анегіна”. Праз год, пасля допытаў і нялюдскіх катаванняў, Алесь Дудар быў асуджаны пазасудовай “тройкай” да расстрэлу і забіты 29.10.1937 разам са 108 іншымі беларускімі культурнікамі. Сярод расстраляных у тую ноч былі і некалькі чалавек з Пушкінскай камісіі. 

Такім чынам, БССР не выканала свае абавязкі перад маскоўскім Пушкінскім камітэтам: асобны том выбраных твораў Пушкіна па-беларуску выдадзены не быў, бо частка перакладчыкаў увосень 1936 года апынулася пад следствам. Некаторыя творы, як і беларускі “Анегін”, папросту не выйшлі з друку, некаторыя выйшлі асобнымі кніжкамі, але імя перакладчыка на іх альбо не пазначалі, альбо замазвалі фарбай. 

Амаль адразу пасля арышту Дудара за пераклад “Анегіна” ўзяўся Аркадзь Куляшоў – маладзейшы за Дудара беларускі паэт, які ў гэты час якраз набіраў паэтычную моц. Ён працаваў над перакладам чатыры гады і скончыў яго ў чэрвені 1941 года. Рукапіс, які Куляшоў не паспеў здаць у выдавецтва, загінуў пад першымі нямецкімі бамбардзіроўкамі.  

Па вяртанні ў Менск Куляшоў не мог нават аднавіць пераклад – згарэлі і чарнавікі, і накіды. Таму ён пераклаў раман яшчэ раз. У 1947 годзе ў беларускай літаратуры нарэшце з’явіўся свой афіцыйна перакладзены “Анегін” – апошні ў нацыянальных рэспубліках.


Доўгія гады ўва ўсіх даведніках, энцыклапедыях, падручніках, навуковых манаграфіях пераклад Куляшова лічыўся першым (і адзіным), згадак пра пераклад Алеся Дудара, вядома, сустрэць было немагчыма. Пра існаванне гэтага тэксту на пачатку ХХІ стагоддзя ведала ўжо толькі вельмі вузкае кола даследчыкаў “старога пакалення” – ведала моўчкі, як пра загінулы тэкст, адзін са шматлікіх загінулых тэкстаў расстралянага пакалення. 

Arkadź Kulašoŭ

Але ўвесь час рукапіс першага беларускага перакладу захоўваўся ў сям’і Дудара: спачатку ў мамы, Вольгі Іванаўны Дайлідовіч, а пасля яе смерці – у яе ўнучкі, пляменніцы перакладчыка Лідзіі Маркаўны Малінінай. У 60-я гады, пасля рэабілітацыі ахвяр сталінскіх рэпрэсій, Лідзія Малініна, сама філолаг, нават аднесла перадрукаваны на машынцы пераклад Аркадзю Куляшову – з надзеяй, што той дапаможа выдаць рукапіс. Але Куляшоў, пратрымаўшы паперы некалькі тыдняў, вярнуў яго назад. З таго часу спадчыннікі першага перакладчыка згубілі надзею на публікацыю рукапісу. 

Пра існаванне першага перакладу “Анегіна” я даведалася спачатку з успамінаў Сяргея Грахоўскага, а потым – з апавядання Міколы Хведаровіча, рэпрэсаваных літаратараў, якія перажылі сталіншчыну і паспелі згадаць у мемуарах сваіх забітых сяброў. І ў першым, і ў другім выпадку гэта былі згадкі паэтычнай імпрэзы, якая адбылася ў Менску 18 кастрычніка 1936 года: мерапрыемства гэтае задумвалася як справаздача перакладчыкаў, якія рыхтавалі “Выбранае” Пушкіна. Янка Купала чытаў урыўкі з “Меднага конніка”, Пятро Глебка і Алесь Звонак – перакладзеныя вершы. Сярод выступоўцаў згадваўся і Алесь Дудар, які чытаў шостую главу “Анегіна”. 

Гэты факт моцна ўражваў: дзіўна было б меркаваць, што Дудар па асабістай ініцыятыве пераклаў чамусьці шостую главу, не пераклаўшы ранейшых. Значыць, існаваў і поўны пераклад – прынамсі, шэсць глаў з васьмі. Гэта азначала таксама, што пераклад гэты быў санкцыянаваны кіраўніцтвам Саюза пісьменнікаў, – бо на гэтай імпрэзе чыталіся толькі такія тэксты. Усё гэта дазваляла думаць, што ў беларускай літаратуры існаваў нейкі іншы “Анегін” – не хрэстаматыйны куляшоўскі, а невядомы дудароў. Так з’явілася ў мяне хваравітая “ідэя фікс” – адшукаць яго. 

Пошук рукапісу Алеся Дудара пачынаўся з пошукаў у архівах выдавецтваў, літаратурных арганізацый, потым – у асабістых архівах тагачасных крытыкаў і літаратуразнаўцаў, потым – у рэдкіх адкрытых архівах цэнзурных камітэтаў. Гэты звычайны даследчыцкі пошук нічога не даў: ніякіх слядоў рукапісу альбо працы над ім не сустрэлася. Тады трэба было зайсці з іншага боку: з вывучэння газетных падшывак і аддзелаў хронікі тоўстых часопісаў: там друкаваліся навіны літпрацэсу, у тым ліку – справаздачы маскоўскага Пушкінскага камітэту і беларускай Пушкінскай камісіі. Вось тут пачалі з’яўляцца першыя зачэпкі. Некаторыя згадкі пра сітуацыю вакол пушкінскіх перакладаў захаваліся ў пратаколах Саюза пісьменнікаў: чамусьці ў 1938 годзе раптоўна і тэрмінова было прынятае рашэнне аб перадачы перакладу А. Куляшову, у гэтым рашэнні адчувалася незвычайная для афіцыйных пратаколаў псіхалагічная напруга. 

Знайшліся і часткі тэксту: дзве главы перакладу былі апублікаваныя ў тагачаснай перыёдыцы, але згадкі пра іх з даведачных і літаратуразнаўчых выданняў зніклі. Заставаўся адзін шлях: пошук сямейнага архіва. Але ў выпадку з расстралянымі літаратарамі гэта заўсёды вялікая праблема. 

Лічылася, што нашчадкаў паэта не засталося – ён быў расстраляны ў 32 гады, не меў дзяцей і жонкі, а звестак пра ягоную бацькоўскую сям’ю не захавалася. Знайсці ягоную пляменніцу ўдалося праз запісы ў архіўных актах прыёму дакументаў: яшчэ ў 1980-я гады мінулага стагоддзя яна здавала ў адзін з менскіх архіваў пяць фотаздымкаў Дудара і пакінула ў якасці кантакту свой тэлефон. 

Таму, калі я “на ўдачу” набрала нумар тэлефона, перададзены мне супрацоўнікамі Архіва літаратуры і мастацтва, і пачула голас паджылай жанчыны: “Канешне, прыязджайце, у мяне якраз ёсць поўны рукапіс «Анегіна»”, – я заплакала. Сапраўдны цуд, што за трыццаць гадоў нумар тэлефона не змяніўся, сама жанчына не з’ехала, не памерла і працягвала захоўваць паперы без усялякай надзеі на іх друк.

Сёння ў Беларусі першы “Анегін” у перакладзе расстралянага паэта Алеся Дудара ўжо выдадзены двойчы: у томе ягоных выбраных твораў і ў асобным выданні, дзе арыгінальны тэкст Пушкіна, пераклад Дудара і пераклад Куляшова завярстаны “паралельна”, радок у радок. Такая вёрстка дазваляе чытачу і даследчыку прасачыць тэхніку кожнага перакладу, ацаніць асаблівасці прыняцця перакладчыцкіх рашэнняў, зрабіць высновы і адносна стылістыкі перакладаў, і адносна развіцця мовы і перакладчыцкай практыкі. 

Пры параўнанні становіцца відавочным, як моцна ўплывае на пераклад асоба перакладчыка і ягоныя творчыя прынцыпы. 

Алесь Дудар, які ў сваёй публіцыстыцы прынцыпова і жорстка адстойваў ідэю самабытнасці і культурнай самастойнасці Беларусі, актыўна супраціўляўся русіфікацыі і меў на мэце стварэнне еўропацэнтрычнай беларускай літаратуры, моцна “беларусізуе” пушкінскі тэкст, дадаючы беларускую фразеалогію, абіраючы сярод варыянтаў сінтаксічных фігур не калькаваныя з рускай, якія варыятыўна прысутнічаюць у літаратурнай мове, а самабытна беларускія канструкцыі. Адначасова ён метадычна захоўвае агульны характар тэксту: трапна перакладае пушкінскі жарт, іронію, саркастычныя заўвагі, сочыць за гукапісам і парадкам слоў у сінанімічных шэрагах. 

Аркадзь Куляшоў, які рабіў свой пераклад ва ўмовах канчатковага разгрому нацыянальнай інтэлігенцыі, абірае русіфікаваныя лексічныя і сінтаксічныя адзінкі, не замяняе фразеалагізмы на нацыянальныя адпаведнікі, а калькуе з рускай. Таксама ён ахвяруе дакладнасцю перакладу на карысць агульнай лёгкасці і чытэльнасці – сапраўды, гэты тэкст чытаецца прасцей, званчэй, хаця і губляе частку дэталяў альбо словаў у даўгіх пушкінскіх пералічэннях. Глыбока сур’ёзны ва ўласнай творчасці паэт, Куляшоў у перакладзе губляе і значную частку пушкінскай іроніі, перакладаючы жарт як факт, іронію – як заўвагу, а часам проста ўнікаючы асабліва небяспечных у варунках савецкай пурытанскай маралі пушкінскіх “інтымных” гумарыстычных радкоў. 

Адрозніваецца і ўласна мова. У 1934 годзе ў БССР адбылася сумна вядомая рэформа правапісу беларускай мовы, што дэкларавалася як арфаграфічная, а насамрэч закранула і лексічны, і граматычны склад: у правілы былі ўнесеныя змены, якія па факце набліжалі беларускую мову да рускай, пазбаўлялі беларускі тэкст самабытных фанетычных, лексічных і граматычных рысаў. У такіх варунках захаванне старых нормаў стала свядомым актам нацыянальнага супраціву, і калі ў правапісе гэта рабіць было немагчыма – усё адно тэксты праходзілі карэктуру, то на больш глыбокіх лінгвістычных узроўнях нацыянальна арыентаваныя паэты і перакладчыкі ўпарта супраціўляліся. Лексічна і сінтаксічна мова Дудара і мова Куляшова маюць выразныя прыкметы дарэформеннай і парэформеннай моў: там, дзе Дудар ашчадна захоўвае і беларускія прыстаўныя гукі, і беларускі граматычны лад, Куляшоў трымаецца акадэмічнай зрусіфікаванай граматыкі. 

Наяўнасць двух беларускіх перакладаў “Яўгена Анегіна” – сапраўдны скарб для даследчыкаў, што займаюцца тэорыяй і практыкай перакладу. Сама ж гісторыя іх з’яўлення і існавання – унікальны дакумент трагічнай эпохі, наступствы якой беларуская культура і беларускае грамадства не пераадолелі і па сёння.

PDF

Hanna Sevjarynec, Foto: © Max Korostelyov

Ганна Севярынец (нар.1975) – даследчыца беларускай літаратуры, пісьменніца, настаўніца, грамадская дзяячка. Як гісторык літаратуры займаецца перыядам 1920-30х гадоў і сталінскіх рэпрэсій. Аўтарка і ўкладальніца шэрагу мастацкіх і дакументальных кніг, прысвечаных гэтай тэматыцы, навуковых, архіўных і папулярных публікацый. Лаўрэат беларускіх літаратурных прэмій Гліняны Вялес (за раман “Дзень святога Патрыка”), “Празрысты Эол” (за ўстанаўленне даты напісання верша Алеся Дудара), шорт-лістэрка прэміі Гедройца (з раманам “Гасцініца Бельгія”). “Чалавек года-2019” па версіі газеты “Наша ніва” за асветніцкую дзейнасць. 

Як актывістка прымала ўдзел у арганізацыі і працы грамадскай кампаніі па захаванні Вайсковых могілак ў Менску, абароне мемарыялу Курапаты, падрыхтоўцы і правядзенні штогадовай імпрэзы памяці расстраляных літаратараў “Ноч паэтаў”.

Verwandte Artikel
Вольга Такарчук: »Мае кнігі маглі быць напісаныя і па-беларуску…«
Свае-чужыя на скрыжаванні моў
або Пра дыспазітарый беларускасці ў польскамоўнай беларускай літаратуры
Буйным планам