Cities of translators Minsk Аб Мінсках і мадленках
de by

Аб Мінсках і мадленках

Тварожныя сыркі. Бадай, нам паказаў іх Себасцьян, наш папярэднік, адзін з немцаў, што прыехалі валанцёрыць па праграме “Служба дзеля міру” ў Мінск у 1998 годзе. Не, нямецкі выраз, кварк-рыгель міт шоколадэ, сустрэўся мне толькі праз колькі гадоў у перакладзе “Лёду” Уладзіміра Сарокіна, які зрабіў Андрэс Трэтнер. А ў той час я ведаў іх толькі так – як сырки. Што нямецкага слова не было, нам не абыходзіла. У доме, дзе мы жылі – ул. Берестянская, дом 5, – яны прадаваліся ў прадуктовай краме на першым паверсе.1 З ваніллю або какавай. Ці проста сыркі, без глазуры, затое з карыцай ці разынкамі. Але проста так з паліцы не возьмеш. Таўчэшся па аддзелах, глядзіш, што ёсць і колькі каштуе, спрабуеш усё запомніць, а потым становішся ў чаргу да касы. Пакуль стаіш, маеш багата часу, каб цвердзіць сабе па-руску спіс пакупак ды цэны з мноствам нулёў. Сырок быў асабліва прыдатны, каб практыкавацца ў граматыцы: 1 сырок глазированный, 2/3/4 сырка глазированных, 5 сырков глазированных. Аддаўшы выбіты чэк прадавачцы, нарэшце атрымліваеш аплачаныя прадукты. Праз шаснаццаць месяцаў і безліч сыркоў, у мой апошні дзень у Мінску, я накупіў іх цэлы пластыкавы кантэйнер з сабой у Нямеччыну – на сувеніры і пра запас на чорны дзень. І ўсё, каб прыехаўшы, адчуць, што смак у іх ужо не той. Праблема была не толькі ў непрыдатных умовах захавання на працягу 20 гадзін у цягніку. Яны вокамгненна ператварыліся ў кваркрыгелі і згубілі ўсялякае дачыненне да Мінска.

Мой Мінск меў, мае да сёння смак вострай карэйскай морквы з лавашом ды свежай смятанай – усё з Камароўкі. А часам – смак беляшоў, Галінінага амлету з часнаком, кілбаснага сыру, ён пахне хлебазаводам, які недалёка ад Захарава, броварам, інтэрнатам для інвалідаў, “Беламорам”, бялізнай, што кіпіць, восенню і туманам. 

Мой Мінск пачынаецца з канца дзевяностых, з інфляцыі і дефицита, з кіпячэння бялізны на газавай пліце, з тэлефона з наборным дыскам і касетнага магнітафона. (Торстэн прывёз з сабою ў Мінск камп’ютар, здольны падлучацца да гэтага навамоднага інтэрнэту і атрымліваць імейлы. У мяне не было ні адраса электроннай пошты, ні нагоды, для якой бы ён спатрэбіўся, раз на некалькі тыдняў я тэлефанаваў бацькам у Шварцвальд, а так быў цалкам занураны ў мясцовае жыццё.) Раніцой трамваем на Пл. Победы, ПОДВИГ НАРОДА БЕССМЕРТЕН, тады на 18-м аўтобусе за горад да Навінак, адзін прыпынак пасля псіхіятрычнай лякарні, потым апошні кавалак дарогі пехатою, паўз будоўлю манастыра да псіханеўралагічнага інтэрната № 3, майго месца службы.

Гэты Мінск гаварыў па-руску, да літаратуры ніякага дачынення не меў, пераклад быў для нас сродкам выжываць, даваць рады штодзённасці. Гэты Мінск для нас, нямецкіх маладзёнаў, знаходзіўся ў Белоруссии, Вайсрусланд, ні пра якую Беларусь мы і не думалі. Краінай кіраваў апошнія некалькі гадоў яшчэ малады, але ўжо невыносны прэзідэнт. З беларускай я ў штодзённым жыцці амаль не сутыкаўся: “Асцярожна, дзверы зачыняюцца”, што гучала фонам у метро, кіёск “Хутка-смачна” на рагу ля “Акіяна”, – а найбольш у музыцы. Ад Себасцьяна нам засталася ў спадчыну касета з “Успамінам” Андрэя Мельнікава, у краме “НОТЫ” на вуліцы Леніна я набыў у букіністычным аддзеле кружэлку “Свята” – зборнік хітоў народнай песні накшталт “Цячэ вада ў ярок” і аддаў 300 тысяч за вініл “Беларускі песенны фальклор. Паўночна-ўсходняя зона”, дзеля якога этнографам у 1978 годзе давялося павандраваць па вёсках Віцебскай вобласці Беларускай ССР.

Света, знаёмая з Даўгабродскай, якая нейкім чынам была звязаная з фолк-музыкамі з KRIWI, запісала мне словы “Коціка” і напела мелодыю, я падабраў на гітары падобныя акорды, і мы схадзілі разам на радыё. На вечарынках у нашай кватэры шмат пелі: “Кино”, “ДДТ”, “Аквариум”, “Чайф”, “Наутилус” – рускі рок. Мы слухалі і пераслухвалі касеты і дыскі, спрабуючы разабраць і запісаць тэксты. Адзінай вядомай песняй па-беларуску, якую маглі падхапіць усе, была “Купалінка”. Здавалася, гэтая мова прыдатная толькі пад фальклор.

У той жа час у тым жа месцы: Вальжына (яшчэ не Морт) Мартынава святкуе свой 18-ы дзень народзінаў, авангардысцкі рух “Бум-Бам-Літ” выпускае анталогію “Тазік беларускі”, заснаваная суполка “Schmerzwerk”, зачыняецца галерэя “6-я лінія”, саюз пісьменнікаў страчвае свой спрадвечны будынак, пачынае выходзіць палітычна-сатырычная газета “Навінкі”, паўстала Асацыяцыя Сучаснага Мастацтва, панк-гурт “Правакацыя” запісвае свой адзіны альбом, Уладзімір Арлоў публікуе “Рэквіем для бензапілы”, Васіль Быкаў з’язджае з краіны.

Паралельны свет, пра які я нічога не ведаў, з якога да мяне не далятала вестак, з якім не было ніякіх перасячэнняў. Ці мо я проста не заўважаў іх, не цікавіўся імі? Я быў заняты сабою, каханнем, вялікім горадам, рускай мовай, пераадоленнем сваіх наіўных уяўленняў аб “дапамозе краінам, якія развіваюцца”, пытаннямі ўласнай будучыні. Вяртаючыся ў думках назад, я разумею, дзе шматкроць праходзіў, нібы сляпы, міма адчыненых дзвярэй у свет беларускай літаратуры, мастацтва і альтэрнатыўнай культуры. У фільме “Случай с пацаном” (2001) я пазнаў нашага знаёмага Алега Новікава, сузаснавальніка газеты “Навінкі”. У 5-м нумары “pARTisan’а” за 2007 год мне трапілі на вочы творы Войчанкі і Цэслера, якія нам даволі спадабаліся ў 1999 годзе на нейкай выставе плакатнага мастацтва ў Палацы мастацтва, але хутка зноў забыліся. Жанна ўзяла нас у тэатр (давалі “Барбару Радзівіл”, драматычную паэму ў дзвюх дзеях Раісы Баравіковай), мы нічога не зразумелі, бо пастаноўка была на беларускай і нам бракавала ведання гісторыі. Знаёмыя зацягнулі нас на канцэрт “Крамы”, але, калі я потым пайшоў пытацца касеты гурта ў кіёсках на вакзале, мяне абсмяялі, і я кінуў спробы. На падрыхтоўчым семінары для тых, хто ехаў валанцёрам у Мінск, нам паказалі “Ідзі і глядзі” Элема Клімава – узрушанасць да шоку. Каб пры гэтым згадвалі імя Алеся Адамовіча, яго кнігі, што паслужылі асновай для фільма, я не прыпомню.2

З літаратурай я судакрануўся толькі ў Галіны Аркадзьеўны, маёй гаспадыні і настаўніцы рускай, я здымаў пакой у яе пасля таго, як пажыў з таварышамі, – ул. Чкалова, 9, за Палацам чыгуначнікаў.3 Сцены кватэры былі пазастаўляны кнігамі, у маім пакоі дамінавалі шэрыя карэньчыкі біяграфій з серыі “ЖЗЛ” з адметнай белай паходняй. (Праз гады я чыста з настальгіі скраў з расійскага стэнда на Франкфурцкім кніжным кірмашы томік “ЖЗЛ”, прысвечаны Віктару Цою.) Але пад літаратурай тады разумелася руская літаратура, дый і ў кнігарнях мне амаль не трапляліся выданні па-беларуску. А літаратурны пераклад? Пачаўся для мяне ў гэтым жа пакоі: “Крокодил Гена и его друзья”4, класіка савецкай дзіцячай літаратуры, аўтар Эдуард Успенскі, бадай, першая кніга на рускай мове, якую я адолеў цалкам. Пра мультфільмы я не ведаў. Я спісаў асадкай тры школьныя сшыткі ў клетачку, проста каб паглядзець, як гэта будзе і ці змагу я.

20.12.1999, пасля шаснаццаці месяцаў насычанага жыцця, Мінск застаўся ў мяне за спінай, у 00:43 я паехаў цягніком назад у Нямеччыну, з кантэйнерам сыркоў у багажы. Поўны радаснага чакання сустрэчы з маёй дзяўчынай і сям’ёй, поўны смутку ад расстання з вялікай свабодай, якую насамрэч значыў для мяне Мінск: у баку ад знаёмых дарог, сярод чужых людзей, без нагляду, без папярэдніх ведаў, чысты аркуш, з усімі мажлівасцямі зрабіць, як хочацца, з натхняльнай місіяй. На тое, каб наноў прыжыцца ў нямецкай рэальнасці, спатрэбіўся пэўны час. Ад канцавога пункта “Mockau” на табло першага трамвая на Лейпцыгскім цэнтральным вакзале я зусім разгубіўся, вяршыні царкоўных званіц бянтэжылі мяне сваімі крыжамі без касой папярэчыны. Трэба было зноў прызвычайвацца да іншага культурнага кода. Толькі вярнуўшыся, я напоўніцу ўсвядоміў, наколькі катастрафічна няіснай была Беларусь у нямецкай рэальнасці пачатку новага тысячагоддзя. У газетах пра яе пісалі адно што ў кантэксце выбараў. І толькі цяпер я пачаў адчуваць гэта як страту, як пустэчу, якая баліць.

Паступіўшы вучыцца на перакладчыка ў Лейпцыг, я выправіўся на пошукі і мэтанакіравана ўзяўся за беларускую мову. Са здзіўленнем натрапіў на пераклады Норберта Рандаў і прадукты сумеснай вытворчасці яго сястры Гундулы і яе мужа Уладзіміра Чапегі. Рандаў выдаў дзве анталогіі беларускіх апавяданняў з каментарамі: “Буслы над балотамі” (1971) і “Малады дубок” (1987)5. Асобнымі кнігамі па-нямецку можна было знайсці некалькі раманаў Янкі Брыля, Івана Мележа і Анатоля Кудраўца, “Дрыгву” і “Дзеда Талаша” Якуба Коласа (адным томам пад назвай “Партызаны на Прыпяці” / Partisanen am Pripjat), ягоныя ж “Казкі жыцця”, Караткевічава “Дзікае паляванне караля Стаха”, усё збольшага толькі ў букіністаў, выданні з (колішняй) ГДР, пераклады, нярэдка зробленыя цераз рускую. Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч і Святлана Алексіевіч былі ў продажы, але наўрад ці хто асацыяваў іх з Беларуссю. І яшчэ адзіны том паэм, версэтаў, пункціраў і зном Алеся Разанава, “Знакі вертыкальнага часу”, вельмі разнастайны зместам, перакладзены Элькай Эрб у супрацоўніцтве з сужэнцамі Чапега і Норбертам Рандаў, які адначасова быў і адказным рэдактарам (Agora, 1995), агульны наклад – 1000 асобнікаў.

Інгрыд Шэфер, славістка і літаратуразнаўца з Лейпцыгскага ўніверсітэта, дала на сваім семінары “Беларуская літаратура ХХ стагоддзя” важныя парады, на што зважаць і што чытаць, паланіст Ганс-Крысціян Трэптэ дапамог звязацца з Сакратам Яновічам і ягонай Villa Sokrates у Крынках, што на ўсходзе Польшчы. Праз гісторыка Усходняй Еўропы і журналіста Інга Пэца і Нямецка-беларускае таварыства я апынуўся ў камандзе, якая рабіла канчатковую рэдактуру “Беларуска-нямецкага слоўніка” (Зміцер Колас, 2010), і на прэзентацыі ў берлінскім Доме літаратуры асабіста пазнаёміўся з выдаўцамі, калегамі-рэдактарамі, і ў тым ліку з Норбертам Рандаў. Яму асабліва балела за выціснутых з гісторыі літаратуры аўтараў расстралянага пакалення, якіх ён узяўся ратаваць з забыцця ўжо ў сваіх анталогіях. Я занурыўся ў сучасную літаратуру з “Бум-Бам-Літам” і “Шмэрцвэркам”. Ад гэтага чытання мой Мінск прырастаў гранямі: кніга Артура Клінава пра Горад Сонца адкрывала зусім новыя ракурсы (яшчэ больш паглыбленыя цяпер у “Васьмі днях рэвалюцыі”), Мінск Альгерда Бахарэвіча (Шабаны!) ажываў перада мною ў многіх яго раманах, Уладзімір Някляеў у сваім “менскім рамане” даваў мне зазірнуць у 1960-я, Павал Касцюкевіч, Віктар Марціновіч, Вольга Гапеева са сваім “Кэмэл-Трэвэлам”, Юлія Цімафеева і яе “Мінск. Дзённік”… Хаця з таго часу я бываў у горадзе толькі наездам і заўжды толькі на пару дзён, мой Мінск узбагачаўся ад чытання, а чым далей, тым больш і ад перакладу, не перапісваючы і не сціраючы досведу маіх валанцёрскіх часоў. Той досвед застаецца ядром, вакол якога асядае, нарастае новае, не хаваючы ядра пад сабою. У маім Мінску ў метро дагэтуль дзве лініі, на “Пушкінскай” ды “Інстытуце культуры”, калі ласка, пакіньце вагоны. Праспект Машэрава пачынаецца ад Нямігі, выдавецтва і кнігарня Логвінава на плошчы Перамогі, у ім няма Дома Чыжа, Палаца незалежнасці, ромбакубаактаэдра нацыянальнай бібліятэкі і роварных дарожак. 

Што адбываецца са шматлікімі мінчучкамі і мінчукамі, што пакінулі краіну апошнім часам? Яны ж таксама, бадай, узялі з сабою Мінск, які дзесяцігоддзямі фармаваў іх. Што за прагал утвараецца проста цяпер у дзясятках тысяч жыццяў? Ці геаграфічныя адлегласці напраўду можна пераадолець з дапамогай скайпа, зума, фэйсбука і кампаніі? Як выглядае Мінск Вальжыны Морт, якая з 2006 года жыве ў ЗША? 14 жніўня 2020-га яна напісала ў “Нью-Ёрк Таймс”: “Уначы я ляжу ў сваім ложку ў Ітацы, штат Нью-Ёрк, спрабую заснуць. Але мае думкі вяртаюцца ў Беларусь, якую я пакінула маладой дзяўчынай і куды я рэгулярна прыязджаю. Я ўстаю і перапісваюся з сябрамі з Беларусі. Там ужо раніца. Я ўсё яшчэ ў Нью-Ёрку, але маё цела жыве цяпер па беларускім часе”. Я тады адчуваў нешта падобнае, думкамі, надзеямі і клопатамі настолькі быў у Мінску, як не здаралася ўжо колькі гадоў. Але пры ўсёй сімпатыі, пры ўсіх спажываных навінах і выявах, ці змагу я ўпісаць у маю асабістую карту Мінска новыя месцы, напрыклад, Плошчу перамен? А яшчэ я пытаю сябе: як бы апісаў свой Мінск амапавец?

Я спрабую патлумачыць сабе, што Мінск (ці возьмем шырэй: Беларусь) займае асаблівае месца і ў свядомасці многіх людзей, што атачаюць мяне. Гэтак удаецца справіцца са спусташальным пачуццём, нібы стаіш адзін на ўсіх вятрах з дарагімі табе тэмамі і месцамі. У Маркклеебергу, мястэчку, дзе я жыву, свае тэксты пра Мінск маглі б напісаць таксама Сабіна, Дзёртэ ці Лорэнц, з жыхароў суседняга Лейпцыга наўскідку прыходзяць у галаву Катрын і Крыстафер, Кай, Клаўдзія, Галіна, Дар’я, Томас. Дакументальны фільм “Смеласць” (Courage) Аляксея Палуяна паказаў шмат каму з лейпцыгцаў, якія памятаюць рэвалюцыю 1989-га, як на дзіва блізкі ім Мінск. Хочацца верыць, што і я са сваімі перакладамі здольны адчыніць тыя ці іншыя дзверцы.

У маёй цяперашняй працы мне якраз натрапілася цудоўнае апісанне “мадленак Пруста” на беларускім матэрыяле. У чацвёртай частцы рамана “Сабакі Еўропы” Альгерд Бахарэвіч адпраўляе галоўнага героя, даўшы яму ў рукі пластыкавы пакет, у адысею па Мінску, уключна з флэшбэкамі з дзевяностых:  

“Па эскалятары мы даехалі наверх, я ўзяў сабе два беляшы і каву. Абшчапіцельная саблазьніцельніца, не пытаючыся, разагрэла беляшы да тэмпэратуры, пры якой гіне ўсё жывое. Адчуваючы, як мае папілярныя лініі на падушачках пальцаў запякаюцца да цьвёрдай суцэльнай корачкі, я ўзяў аплаўлены пакет і прытуліўся да століка. […]

Я люблю беляшы. 

Толькі вось бяляш цяпер ужо ня той. Асабліва на вакзале. Бледны пайшоў у Менску бяляш, нейкі мокры, нібы іх у лужыне вымочваюць. А ня мокры – дык падгарэлы. Шмат белага цеста, мала шэрага мяса. Усе крывяцца: як ты іх ясі? Гэта ж ня проста фаст-фуд, гэта беларускі вакзальны фаст-фуд, фу, што за пацучаціна ў тваім пачастунку? І яны маюць рацыю. Бяляш ужо ня той. Але я ведаю адзін хітрык: калі я ем бяляш, я ем успаміны. Успаміны пра сваю маладосьць, калі іх рабілі зь любоўю. Зь мясам, з добра прапечанага цеста і зь любоўю”.

Тое, на што калісьці аказаўся няздольным вывезены з краіны сырок, удалося гэтаму тэксту. Паглыбленае чытанне і пераклад яго пачуццёвых фрагментаў дазволілі мне адсунуць рыгель на дзвярах, што вядуць у мой Мінск. Без ані кварку лухты.

Fußnoten
1
2
3
4
5
PDF

Thomas Weiler, Foto: © Anja Kapunkt

Томас Вайлер нарадзіўся ў 1978 годзе ў рэгіёне Шварцвальд. Пасля валанцёрскай працы ў Мінску ў рамках “Сацыяльнай службы дзеля міру на карысць узаемапаразуменню паміж народамі” ў 1998–99 гадах ён вывучаў пераклад (з рускай і польскай моў) у Лейпцыгу, Берліне (ва Ўніверсітэце Гумбальтаў) і Санкт-Пецярбургу. З 2007 года працуе незалежным перакладчыкам з беларускай, рускай і польскай моў. Перакладаў раманы Альгерда Бахарэвіча, Вольгі Гапеевай, Артура Клінава, Віктара Марціновіча ды інш., лірыку Юліі Цімафеевай і Алеся Разанава, а таксама быў сурэдактарам анталогій Belarus! Das weibliche Gesicht der Revolution (“Беларусь! Жаночы твар рэвалюцыі”, 2020), PARTISANEN. Kultur_Macht_Belarus (“ПАРТЫЗАНЫ. Культура_Улада/Стварае_Беларусь”, 2014) і “Беларуска-нямецкага слоўніка” (2010). Акрамя таго, ён перакладае матэрыялы для інтэрнэт-праектаў Stimmen aus Belarus (“Галасы з Беларусі”) і dekoder (“Дэкодэр”). Томас жыве са сваёй сям’ёй у кватэрным кааператыве Пляйсэнгоф у Маркклеебергу пад Лейпцыгам.

Verwandte Artikel
Wörterbuch des Krieges
Es ist in uns
Wie Übersetzen Beziehungsräume schafft