Cities of translators Minsk Свае-чужыя на скрыжаванні моў
by de

Свае-чужыя на скрыжаванні моў

або Пра дыспазітарый беларускасці ў польскамоўнай беларускай літаратуры

Няма такога слова – “дыспазітарый”. Я прыдумала яго, калі рыхтавалася да лекцыі пра стасункі Элізы Ажэшкі 1 і Францішка Багушэвіча2 Склала са слоў “дыспазіцыя” і “дэпазітарый” – і стала яно для мяне словам для абазначэння праблемы пісьменніцкіх рэйтынгаў у банку літаратурных вартасцей і прызнанняў. Разважаць пра тое, хто з класікаў больш, а хто менш каштоўны для Яе Вялікасці Літаратуры, – значыць, разводзіць густаўшчыну, але пэўныя несправядлівасці ў ацэнках іх творчасці ўсё ж даводзіцца назіраць. Іронія сітуацыі: лекцыя прымяркоўвалася да 180-годдзя  паэта-адваката3, а пры яе падрыхтоўцы ў галаву лезла ім напісанае “Бог не роўна дзеле” – думкі віліся вакол недаацэненасці Элізы Ажэшкі.

Усё ХІХ стагоддзе прыгожае пісьменства Беларусі сцвярджала сябе ў дзвюх сістэмах моўных каардынат: па-польску і па-беларуску (і выраз “так гістарычна склалася” ў нашым выпадку не мем4). Першая існавала “для культурнага ўжытку”: творы на польскай мове арыентаваліся на пэўны досвед літаратурнага чытання і мастацкі светапогляд. Творы другой, пісаныя “моваю, якую ўжываюць на Літве людзі без літаратурнае адукацыі, дакладней, клас сярэдні, шляхецкі” (фармулёўка публіцыста і крытыка таго стагоддзя Рамуальда Падбярэскага), вылучаліся народнасцю і прастатой. Але нельга лічыць, што польская мова адназначна гарантавала твору літаратурную якасць, а на “гутарковай” ці “халопскай” беларускай дарэмна было чакаць высокай мастацкасці. Прадукт намаганняў пісьменніка запраста мог уяўляць сабой нічога не вартыя “перапеўкі” чужога, “хлапечыя практыкаванні, пасшываныя з лахманоў французскага класіцызму” (як заўважыў згаданы ўжо Падбярэскі, раскрываючы прычыну ўбогасці многіх твораў – нежаданне іх аўтараў адлюстроўваць сваё, мясцовае), а перайманне народнага ў той самы час магло быць пачаткам развіцця сапраўднага літаратурнага таленту, глебай, якая сілкуе генія.

Увогуле, кожны польскамоўны беларускі пісьменнік ХІХ стагоддзя мае ва ўласным заліку беларускамоўныя творы. Пісалі іх або з польскімі ўперамешку, або пасля няўдалых спробаў на польскай пераходзілі на беларускую, як было ў Францішка Багушэвіча, ці наадварот – з беларускай на польскую, не знайшоўшы пад першую “друкаванай трыбуны”, як, да прыкладу, Ян Баршчэўскі.

Не напісала па-беларуску нічога толькі Эліза Ажэшка. Яе спрэс польскамоўнай творчасці магло б хапіць і на некалькіх класікаў, але паміж імі яна як свая сярод чужых, чужая сярод сваіх. У беларускай сярэдняй школе яе творчасць не вывучаецца. На беларускую мову з усёй яе спадчыны на працягу ўсяго ХХ стагоддзя было перакладзена вельмі няшмат. Настолькі няшмат, што прозвішчы перакладчыкаў і назвы твораў разам можна пералічыць на пальцах: Вацлаў Ластоўскі, Ядвіга Бяганская, Янка Брыль і Галіна Тычка; “У зімовы вечар”, “Тадэвуш”, “Раманіха”, “Нізіны”, “Хам”, “Дзюрдзі”, “Людзі і кветкі над Нёманам”, “А… В… С…”. Да 1990-х на беларускую мову перакладалася з яе творчасці толькі тое, што пасавала савецкай ідэалогіі – паказвала безвыходнасць жыцця беларуса да Кастрычніцкай рэвалюцыі. А сапраўдная перліна – раман “Над Нёманам” – выйшаў па-беларуску толькі ў 2009 годзе, праз 122 гады пасля напісання. Хоць мог і ў пачатку ХХ стагоддзя зрабіцца літаратурным брэндам Беларусі, бо польская ў ім толькі мова – толькі форма, а змест уяўляе сабой спрэс тое важнае, што, прынамсі, павінна вызначаць прыналежнасць твора канкрэтнай культурнай прасторы: паглыбленне ў розныя пласты гісторыі краю, апісанні лёсаў прадстаўнікоў розных сацыяльных груп з прывязкай да тых лакальных падзей, якія гэтымі лёсамі распарадзіліся, актуальнасць узнятых на гэтай глебе праблем, замілаванне мясцовай прыродай. “Над Нёманам”, бясспрэчна, заслугоўвае месца паміж шэдэўрамі “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча і “Новая зямля” Якуба Коласа. Нарэшце, наймагутнейшы козыр, які ніяк было нельга ігнараваць: за гэты раман, перакладзены на многія мовы свету, Эліза Ажэшка намінавалася на Нобелеўскую прэмію. На самай зары існавання прэстыжнай узнагароды беларуская літаратура ажно двойчы апыналася ад яе ў адным кроку – і абодва разы праз Элізу Ажэшку.

Пры ўсім пры гэтым літаратуразнаўцы не спяшаліся лічыць яе прадстаўніцай нашай нацыянальнай літаратуры. Аргументы супраць гэтага яшчэ і ў пачатку ХХІ стагоддзя гучалі па-савецку фармалізавана: не імкнулася, маўляў, далучыцца да беларускага літаратурнага працэсу, не ставіла сабе за мэту стварэнне рэгіянальнай польскамоўнай літаратуры. Але заслугі, якія прыводзіліся нібыта ў якасці кампенсацыі побач з такімі словамі, відавочна іх пераважвалі. Даследчык Лявон Баршчэўскі ў інтэрв’ю больш чым дзесяцігадовай даўнасці, адказваючы на пытанне, наколькі Эліза Ажэшка можа лічыцца беларускай пісьменніцай, гаварыў, прынамсі, пра “неаспрэчную шчырую зацікаўленасць Ажэшкі такім феноменам, як беларускі мужык, жыццём простых беларусаў, у асноўным вяскоўцаў”, згадваў, што Эліза Ажэшка “цікавілася беларускай мовай, этнаграфіяй і фальклорам”, што “ў шэрагу яе напісаных па-польску твораў у дыялогах (як некалі ў Яна Баршчэўскага) ужываецца дыялектная беларуская мова”, прыводзіў “добра вядомае прыхільнае стаўленне Элізы Ажэшкі да беларускамоўнай творчасці Францішка Багушэвіча і наогул да асобы аўтара “Дудкі беларускай”. А выснову зрабіў адваротную: Ажэшка, маўляў, усё-такі не належыць да класікаў беларускай літаратуры і “перакладчыкі не могуць зрабіць яе такім класікам”.

Часу ад тых слоў прамінула няшмат. Але шмат змянілася. За апошнія паўтара дзясятка гадоў на беларускую мову з бібліяграфіі Элізы Ажэшкі перакладзена прыкладна столькі ж, колькі за ўсё ХХ стагоддзе. Калі ж параўноўваць не колькасці перакладзеных твораў, а іх агульныя аб’ёмы і вагу (прыярытэты ў выбары твораў для перакладаў змяніліся), то трэба канстатаваць наўпрост трыумфальнае перамяшчэнне пісьменніцы на перадавую пазіцыю рэйтынгу. Перліна “Над Нёманам”, перакладзеная Анатолем Бутэвічам, у 2020-м выдадзена паўторна. Ім жа пераствораны па-беларуску ўсе восем навел-прысвячэнняў паўстанню 1863–1864 гадоў5, сярод якіх і легендарная пяцёрка твораў, укладзеных самой Ажэшкай у яе апошняе прыжыццёвае выданне “Gloria victis” (“Слава пераможаным”). Да слова пра дыспазітарый беларускасці: тэма “славы пераможаным” сама па сабе ў апошнія гады, пачынаючы з 2017-га, урываецца ў нашу рэальнасць падзеямі, якіх ніхто не чакаў, і мяняе тым самым не толькі сучаснасць, але і мінулае, у якім старыя імёны не могуць не высвечвацца па-новаму.

Калі ў згаданым 2017-м гара Гедыміна ў Вільні агаліла парэшткі паўстанцаў 1863 года, у Мінску часопіс “Дзеяслоў” друкаваў пераклад навелы “Яны”, якой лепш за ўсё пасуе вызначэнне “мастацкі дакумент”. А ў ім ёсць такія радкі, якія, з’яўляючыся ўсяго толькі вобразам, на фоне згаданай падзеі ў Вільні маглі ўжо гучаць як прарочыя: “Некалі адкрыецца магіла, і выйдзе з яе пераможная праўда вялікіх сноў”. Эліза Ажэшка, сама ўдзельніца паўстання, сама “прадукт” яго “молата і накавальні” (цытата належыць ёй), сваім моцным словам дакранаецца і да нашых сённяшніх падзей, калі піша, што “трэба было нават у самой паразе, праз заслону часу бачнай, разгледзець крывавае, але несмяротнае зерне будучай перамогі і здолець на ўласную магілу зірнуць вокам не толькі спакойным, але і ўсцешаным думкай і надзеяй, што некалі, праз пакаленні і далеч часу, з абставін, выкліканых гэтай смерцю, паўстане ўнесмяротнены пралітай крывёю Архіпераможца – Дух”.

Разважаючы над тым, якім чынам вяртаюцца ў літаратуру імёны, адзін мой знаёмы выказаў меркаванне, што па-сапраўднаму вялікія пісьменнікі прасоўваюць сваю творчасць больш актыўна пасля смерці, чым пры жыцці. “Згустак нерастрачанай творчай энергіі, – піша ён, – вандруе ў сусвеце і бударажыць то адных, то другіх. І тыя, каго ён дасягае, раптам пачынаюць бачыць дагэтуль нябачнае і паведамляюць сучаснікам: “Глядзіце, гэта пісалася вельмі даўно, але гэта ўсё роўна пра нас”. І гэтае “пра нас” не залежыць ні ад грамадскага ладу, ні ад імёнаў правіцеляў, ні ад узроўню тэхналогій. Гэтаму “пра нас” абсалютна ўсё роўна, перамяшчаешся ты самалётам і электрамабілем ці брычкай, запрэжанай коньмі. Гэтае “пра нас” называецца класікай”. Пісаў ён мне так у той час, калі я ў сваім Мінску перакладала на беларускую мову “Два полюсы”6 , а ён у Маскве спрабаваў выдаць новую рускамоўную версію рамана “Мейр Эзафовіч”7. Апошні, дарэчы, прайшоўся перакладамі не толькі па Еўропе – трапіў і ў ЗША, але па-беларуску да нашых дзён не загучаў. 

Выбіраючы, які твор перакласці да сёлетняга 180-годдзя Элізы Ажэшкі, я спынілася на рамане, які адразу пасля напісання не зразумелі, а праз паўстагоддзя назвалі “самым глыбокім, самым мудрым і самым кранальным яе раманам”. Твору, які ў афіцыйнай бібліяграфіі пісьменніцы фігуруе як “Два полюсы”, праз пераклад на беларускую мову была вернута тая назва, якая задумвалася аўтаркай, але па волі цэнзара “не прайшла”, – “Дзікунка”. У выніку пад вокладкай выдадзенай у юбілейны для Ажэшкі 2021 год кнігі “Дзікунка”, або Раман ХІХ стагоддя і як яго сёння чытаць” змяшчаецца не толькі сам гэты твор, але і тое, што ператварае яго чытанне ў квест: раздзелы рамана пададзены як узроўні, трапляць на якія прапануецца праз адказы на пытанні. Падказкі – главы паміж раздзеламі рамана – робяць выданне карысным для тых, хто вывучае жыццё і творчасць Элізы Ажэшкі, паколькі перамяшчаюць чытача ў час напісання твора і месцамі ператвараюць яго ў суаўтара. Зроблена гэта ў інтарэсах самога чытача, распешчанага ХХІ стагоддзем з яго спажывецкім стаўленнем да кнігі і адначасова ім жа прывучанага чакаць ад яе незвычайнага.

Fußnoten
1
2
3
4
5
6
7
PDF

Svjatlana Votsinava (privat)

Святлана Воцінава нарадзілася ў 1972 годзе ў Гродне. Выпускніца біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, беларуская журналістка, да нядаўняга часу – галоўны рэдактар літаратурна-мастацкага часопіса “Маладосць”. Даследчыца жыцця і творчасці польскамоўнай беларускай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, аўтарка шматлікіх артыкулаў і тэматычных лекцый. Перакладае з польскай.