Мовы ў гарадской прасторы
Ніна Вэлер дзеліцца сваімі ўражаннямі ад фатаграфій Вольгі Савіч:
Мноства цікавых назіранняў за драбніцамі, якія адлюстроўваюць шматслойнасць, супярэчлівасць, жывую і актуальную натуру горада.
Здымкі цудоўна перадаюць, што Мінск як горад заўжды жыве ў працэсе напластавання і сумяшчэння, толькі са змяшэння розных пластоў і чэрпаючы сваю жыццёвую энергію. І яны вельмі добра паказваюць: акурат людзі, што жывуць у гэтым горадзе, і надаюць яму жыццёвую энергію, пакідаючы свае знакі і мімалётныя сляды, якія, можа, назаўтра ўжо зноў знікнуць — таму што змяняюцца часы, уплывы і моды, змяняюцца лозунгі, што мусяць запалоньваць розум людзей, калі яны тораць сваю дарогу праз горад, ці, наадварот, таму што людзі змяняюцца, а шмат якія лозунгі так і застылі ў часе. Гэтыя фатаграфіі складаюцца для мяне ў калаж з размаітых моў, гістарычных слаёў, часоў і знакаў, што ўступаюць між сабою ў дыялог.
Спачатку я падумала, што для “Мінска — горада перакладчыкаў”, можа, лепш было б узяць “класічныя” гарадскія віды Мінска, выявы, якія пакажуць сумесь архітэктурных стыляў з розных эпох (прычым не толькі, як стэрэатыпна лічаць, з савецкага часу), бо такія, больш звыклыя вобразы горада, мажліва, лепш здолеюць прыцягнуць увагу выпадковых інтэрнэт-мінакоў. Але потым я зразумела, што здымкі Вольгі — гэта не спроба даць абстрактна-нейтральнае ўяўленне пра Мінск, а погляд вачыма чалавека, што шпацыруе па гораду або проста спяшаецца ў сваіх справах і нібы выпадкова заўважае знакі сучаснасці, ці сляды мінулага, ці сігналы магчымай будучыні, задумваецца над імі, або адразу зноў забывае пра іх, або прыгадвае іх пазней і, можа, пачынае ўсталёўваць сувязі паміж тым, між чым сувязяў быццам не мае.