Cities of translators Minsk Вольга Такарчук: »Мае кнігі маглі быць напісаныя і па-беларуску…«
by de

Вольга Такарчук: »Мае кнігі маглі быць напісаныя і па-беларуску…«

Дзяліцца з перакладчыкам
Пераклад як выратаванне 

Марына Шода: Часта пішуць пра нейкія аднабаковыя эмацыйна-духоўныя сувязі паміж аўтарам і перакладчыкам. У гэтым выпадку мы кажам, хутчэй, пра вобраз аўтара вачыма перакладчыка. Ты адна з першых, калі не першая аўтарка, якая падкрэслівае вялізную ролю перакладчыка ў сваёй творчасці. Ці склаўся ў цябе нейкі ідэальны вобраз, такі сабе платонаўскі “эйдас” перакладчыка, з якім ты параўноўваеш кожнага новага чалавека, што наважыўся ўзяцца за пераклад тваіх кніжак?

Вольга Такарчук: У мяне няма такога ідэальнага вобраза, я ні з кім не хацела б нікога параўноўваць. Але з майго гледзішча, з гледзішча аўтаркі, я заўважыла, што існуюць, гэтак скажам, два тыпы перакладчыкаў. Адзін з гэтых тыпаў – людзі, што ўспрымаюць пераклад як тэкст, праз які можна нейкім чынам наблізіцца да аўтара, якога яны пераствараюць. Гэтыя перакладчыкі і перакладчыцы любяць дачыняцца з аўтарам, пішуць і пытаюцца пра розныя дэталі тэксту. Я, канешне, ім адказваю або нават настойваю на падобных кантактах, і ў нас завязваюцца добрыя стасункі, мы вядзём доўгія размовы, удакладняем разуменне нейкага сказу або сэнс метафары і таму падобнае. А ёсць другая група перакладчыкаў – такія сабе вольныя паляўнічыя, якія працуюць самі па сабе і не бачаць неабходнасці ў кансультацыі з аўтарам. Нават коштам таго, што могуць зрабіць памылку альбо чагосьці недазразумець, але тады яны бяруць гэтую адказнасць на сябе. Я не магу ацаніць, які тып лепшы, бо ў першую чаргу заўсёды важны вынік. Для мяне перакладчык – таямнічая асоба, бо я не валодаю многімі мовамі і не ведаю ніводнай мовы так добра, каб перакласці з яе тэкст, таму мне гэта здаецца нейкім амаль магічным талентам, які выклікае маю павагу і здзіўленне. Я ўспрымаю перакладчыкаў як нейкі асаблівы талент, асаблівую разнавіднасць людзей, якія валодаюць чароўным уменнем перамяняць тэксты не толькі ў сэнсе мовы, але ператвараць адзін набор метафар і кантэкстаў у другі. Таму вы ўсе – і ты, і іншыя перакладчыкі – ёсць для мяне нейкімі такімі незвычайнымі істотамі. 

 

…Перакладчыкі – гэта людзі, праз чые розумы праходзяць межы розных светаў, і яны, дзякуючы свайму таленту і ўменням, маюць магчымасць гэтыя межы перасякаць, размываць і ў алхімічных рэтортах сваіх камп’ютараў вырабляць філасофскі камень нашага часу – універсальнасць.
Мне падабаецца мець усёабдымную перспектыву і глядзець на ўсё – хоць бы на нейкі момант – зверху. Тады можна ўбачыць наш чалавечы свет як шырока раскіданыя калоніі самаздаволеных арганізмаў, якія лёгка адаптуюцца да пераменных абставінаў, якія надзвычай экспансіўна супернічаюць між сабою, але ў той жа час здольныя да самапазнання і супрацоўніцтва. З гэтага пункту гледжання, перакладчыкі ў гэтай арганічнай структуры з’яўляюцца фактарам, без якога яна не магла б існаваць; бо яны ўяўляюць сабой часткі чагосьці накшталт нервовай тканкі, сеткі, якая дапамагае пераносіць інфармацыю з аднаго месца гэтага стварэння ў іншае.
Нездарма на працягу стагоддзяў богам, заступнікам і апекуном перакладчыкаў быў Гермес. Невялікага росту, гнуткі, хуткі, разумны, кемлівы бог, што ляціць па дарогах сусвету; кажучы словамі Плутарха – “самы маленькі і самы ўвішны з багоў”. Доўгавалосы, у капелюшы з крыльцамі і кадуцэем у руцэ і з не да канца вызначаным полам – ён паўсюль. Гэта бог сінтэзу – звязвання далёкіх адна ад адной спраў, бог вынаходлівасці і здабывання карысці, бог з пачуццём гумару і схільнасцю да хлусні і падману. Бог гандляроў, купцоў, рамеснікаў, гульцоў. Гэта ён суправаджае нас у падарожжах, і гэта яго голас гаворыць з намі з падарожных даведнікаў і слоўнікаў. Ён вядзе нас па бездаражы, вучыць чытаць карты, праводзіць праз межы. Але перш за ўсё ён з’яўляецца там, дзе адбываецца любы акт камунікацыі. Калі мы адкрываем рот, каб перадаць нешта іншаму чалавеку, – там Гермес. Калі мы чытаем газету, заходзім у інтэрнэт, адпраўляем СМС – ён там. У яго сучасным храме, калі б такі паўстаў, павінны знаходзіцца прынтары, тэлефоны, факсы і ксеракопіі.
Адна з яго іпастасяў – Hermeneutes – інтэрпрэтатар і перакладчык. Па сутнасці, жрацамі і жрыцамі ў гэтым храме з’яўляюцца перакладчыкі, таму што іх праца закранае сутнасць гэтага бажаства – ён звязвае людзей праз мовы, а таксама па-над мовамі, і пераносіць чалавечы досвед з адной культуры ў іншую...

Марына Шода: З нашых папярэдніх сустрэч я ўжо ведаю пра гэтую тваю канцэпцыю, ведаю, што ты падзяляеш перакладчыкаў на тых, хто засыпае аўтара пытаннямі, і тых, хто ціха сабе перакладае, а потым ставіць аўтара перад здзейсненым фактам. А які з тыпаў для цябе зручнейшы ў працы? 

Вольга Такарчук: Зручнейшая ў працы другая катэгорыя – вольных паляўнічых, таму што яны не дураць пісьменніку галавы, нічога не пытаюць, хіба што часам зробяць спасылку ў тэксце, папраўляючы аўтара, і ўсё. Але больш сімпатычная для мяне першая група, бо з гэтымі перакладчыкамі праз сумесную працу мы пачынаем сябраваць, і я, дзякуючы гэтым кантактам, даведваюся ад іх шмат розных рэчаў. Напрыклад, перакладчыкі вельмі ўважліва чытаюць, і немагчыма знайсці рэдактара, які настолькі б цудоўна разумеў тэкст, як перакладчык. І яшчэ я вучуся ў сваіх перакладчыкаў усведамленню таго, што ёсць розныя тэкставыя і камунікацыйныя культуры і што тая культура, да якой я належу, не з’яўляецца асабліва ўніверсальнай ці адзінай. Так што перакладчык для мяне – свайго роду адаптар да іншага свету. Напрыклад, неверагодна павучальнымі былі размовы і дыскусіі пра “Якубавы кнігі”, бо я сабе ўсведамляла, што застаюся ў пэўным абмежаванні свайго свету, сваёй культуры, з якой я паходжу.

Дзяліцца з перакладчыкам

У апошні час я шмат разоў станавілася з перакладчыцай або перакладчыкам плячом да пляча, калі прэзентавала свае кнігі, выдадзеныя ў іншых краінах.
Мне нават цяжка перадаць гэта адчуванне палёгкі, калі вы можаце падзяліцца сваім уласным аўтарствам з кімсьці іншым. Я была рада, што магу хаця б крыху пазбавіцца ўсёй адказнасці за тэкст, да лепшага гэта ці да горшага. Больш не стаяць самотна, сам-насам з раз’юшаным крытыкам, здалікачанай рэцэнзенткай, пазбаўленым літаратурнага густу журналістам ці напышлівым і самаўпэўненым мадэратарам. Я адчувала сапраўднае задавальненне ад таго, што не ўсе пытанні будуць скіраваныя да мяне і што ў гэтай рэчы, складзенай з надрукаваных лістоў паперы, не ўсё належыць мне. Я думаю, што многія пісьменнікі падзяляюць са мной гэта адчуванне палёгкі.
Але найбольш дзіўным было тое, што прысутнасць перакладчыка адкрывала для мяне сферы зусім нязнаныя, што ён ці яна, ужо незалежна ад мяне, уступалі ў дыскусіі аб справах, для мяне не зусім зразумелых, чужых і нават загадкавых. Такім чынам тэкст вызваляўся ад мяне, ці, можа быць, гэта я ад яго адрывалася. Мой тэкст атрымліваў нейкую незалежнасць, як бунтоўны падлетак, які вырашыў збяжаць з дому на Вудсток. Перакладчыца ўпэўнена брала яго ў свае рукі, паказвала свету з іншых бакоў, стаяла за яго сцяной, бралася за яго. Якая гэта радасць! Перакладчыкі вызваляюць нас ад глыбокай, упісанай у нашую прафесію самоты, калі мы гадзінамі, днямі, месяцамі і нават гадамі знаходзімся ў космасе сваіх думак, унутраных дыялогаў і відзежаў. Перакладчыкі прыходзяць да нас звонку і кажуць: “Я таксама была там, я ішла па тваіх слядах – і цяпер мы разам перакрочым мяжу”. Тут перакладчык літаральна становіцца Гермесам – бярэ мяне за руку і вядзе праз мяжу дзяржавы, мовы, культуры.

Марына Шода: І тады наступнае пытанне будзе, так скажам, бухгалтарскае. На колькі моваў былі перакладзеныя твае кнігі, ці ты ўжо страціла магчымасць падлікаў? Колькі перакладчыкаў над імі працавалі, і колькі з іх ты ведаеш асабіста? 

Вольга Такарчук: Я ведаю большасць сваіх перакладчыкаў асабіста. Можна сказаць, каля 90 працэнтаў. Ёсць хіба 2–3 чалавекі, з якімі я ніколі не сустракалася, не перакінулася ані словам. Яны належаць акурат да тых, каго я назвала вольнымі паляўнічымі. Па апошніх падліках, мае кнігі перакладзеныя больш чым на 40 моваў. Акрамя таго, бывае, што над адным творам працуе некалькі чалавек. Агулам атрымліваецца вялікая група, каля 150 асобаў, якія займаюцца перакладамі маіх кніг…

Марына Шода: Можна, я ўдакладню – больш за 40 моваў, каля 150 асобаў, і большасць з іх ты ведаеш асабіста?!

Вольга Такарчук: Так, бо магчымасць пазнаёміцца асабіста давалі, як ты ведаеш, кангрэсы перакладчыкаў польскай літаратуры, якія адбываліся раз на чатыры гады ў Кракаве. І з многімі перакладчыкамі я падтрымліваю сувязь праз электронную пошту.

Я заўсёды з радасцю бачуся з табою, калі мы сустракаемся ў Польшчы. Бо апошнім часам сустракаемся пераважна ў Польшчы. Я адчуваю пэўную блізкасць з табой і спадзяюся, што мы сяброўкі. І нават не ўспрымаю цябе як перакладчыцу, у тым сэнсе, што не гэта твая галоўная роля ў маім успрыманні. Ты для мяне нават не “сяброўка з Беларусі”, а проста сяброўка... А пры аказіі яшчэ перакладаеш мае кніжкі. І гэта цудоўна. 

Марына Шода: Дзякуй табе вялікі, што ў мяне ёсць такая магчымасць – перакладаць твае творы. Я сапраўды мару, каб па-беларуску загучалі ўсе напісаныя табой кнігі. А памятаеш, аднойчы на перакладчыцкім семінары пад Уроцлавам, куды цябе запрасілі з лекцыяй, ты, даведаўшыся, што я там буду, уручыла мне пакет і сказала: “Тут ёсць усё, што неабходна перакладчыку для працы”. Памятаеш, што там знаходзілася? 

Вольга Такарчук: Не, не памятаю. А што там было?

Марына Шода: Кава, шакаладныя цукеркі, пляшка дзіўнай настойкі пад назвай “дэнэлёўка” (ты расказвала, што яе робіць твой сябра і вядомы пісьменнік Яцак Дэнэль) і таксама тваё новае апавяданне “Зялёныя дзеці”, якое потым будзе надрукаванае па-беларуску ў часопісе “Дзеяслоў”. І ведаеш, гэта неверагодна цёплы ўспамін, самы прыемны падарунак, які мог атрымаць перакладчык ад аўтара – магчымасць не толькі перакладаць, але мець такі кантакт з аўтарам.

А ці здаралася так, што дзякуючы перакладчыкам у нейкіх асобных краінах твае кнігі ўспрымаліся чытачамі асабліва цёпла і прыязна?

Вольга Такарчук: Тут вельмі шмат залежыць ад перакладчыка, але не толькі ад яго працы непасрэдна над тэкстам, але і таго, як ён “распаўсюджвае” свайго аўтара. Бо перакладчык – ён робіцца свайго роду садоўнікам, менеджарам, чапляе выдаўцоў, расказвае, вядзе нейкую рэкламную кампанію ў фэйсбуку і іншых сацсетках, грукаецца ў медыя. Вельмі важны для мяне і самы свежы прыклад я перажываю проста цяпер – гэта пераклад “Якубавых кніг” на англійскую. Амерыканская перакладчыца Джэніфер Крофт (Jennifer Croft) прысвяціла вельмі шмат часу перакладу “Якубавых кніг”, і яна зрабілася не проста перакладчыцай і агенткай, яна ў пэўным сэнсе ўспрыняла гэтую кнігу як сваю. У Штатах і Вялікабрытаніі “Кнігі” вельмі добра прынятыя менавіта таму, што Джэніфер было проста неабходна зрабіць так, каб прысутнасць іх на англамоўным кніжным рынку была заўважаная. Яна ўклала ў гэтую кнігу вельмі шмат сябе, свайго часу, свайго жыцця.

Але я не ведаю, ці гэта праблема перакладчыка, ці сапраўды некаторыя мовы лепш прымаюць маю прозу, а некаторыя адштурхоўваюць. Не разумею, ад чаго гэта залежыць.

Марына Шода: А пра якія мовы ты можаш сказаць, што яны адштурхоўваюць твае творы?

Вольга Такарчук: Здаецца, ніколі не было асаблівага захаплення ў Францыі. Мы час ад часу абменьваемся лістамі з перакладчыцай Марыляй Ляран (Maryla Laurent). Яна ўвесь час задае мне розныя пытанні і піша: “Вольга, французскі чытач – вельмі рацыяналістычны. Растлумач, што дакладна значыць гэты ці іншы сказ”. А ў мяне, ведаеш, бываюць такія асабліва пакручастыя паэтычныя сказы. Яна патрабуе іх тлумачэння, але падобнае высвятленне сэнсаў для мяне азначае нейкае спрашчэнне, нават выпрастоўванне маіх слоў. 

Польская мова дае аўтару цудоўную магчымасць пакінуць пэўную паэтычную недагаворанасць. Каб чытач не зразумеў адразу, на сто працэнтаў, а каб засталася адкрытасць для інтэрпрэтацыі. А Марыля заўсёды намагаецца ўдакладніць, растлумачыць. Такая разнавіднасць адкрытага пісьма, як мая, магчыма, больш звыклая для цэнтральнаеўрапейскага чытача і троху больш складаная для французаў. Магчыма, яны не вельмі разумеюць, з чым маюць дачыненне – з паэзіяй ці паэтычнай прозай. А з іншага боку, такія рацыянальныя краіны, як скандынаўскія, вельмі добра ўспрымаюць мае кнігі. Але, можа, я проста недастаткова ведаю, бо раблю высновы толькі па рэцэнзіях.

…Аднойчы я сустрэлася са сваёй знаёмай, французскай пісьменніцай. Мы сядзелі за кавай і размаўлялі пра любімыя кнігі. Рэкамендавалі адна адной тыя, што зрабілі на нас вялікае ўражанне, і распытвалі пра кнігі, шырока вядомыя ў свеце, што маглі выклікаць у нас аднолькавыя пачуцці. Я распавяла ёй, з якім задавальненнем чытаю Мантэня, і не раз ці два, ад коркі да коркі, а што мне падабаецца вяртацца да яго, адкрываючы на выпадковай старонцы, дзеля самога задавальнення ісці за ходам яго высноў, дзеля захаплення яснасцю думкі. Гэта яе вельмі здзівіла, і яна спытала мяне з падазрэннем у вачах, ці я чытаю яго па-французску. Я адказала, што па-польску, прымаючы пасярэдніцтва перакладчыка паміж намі як не вартую ўвагі відавочнасць.
Тады яна сказала мне, што для яе, як і для большасці сучасных французаў, чытанне Мантэня на роднай мове – пакута. Яго французская мова састарэлая, архаічная, і трэба моцна засяродзіцца, каб зразумець, што ён піша. Цяжка атрымаць задавальненне або ацаніць лёгкасць яго пяра. Урыўкі з мантэнеўскіх “Спроб” чытаюць у французскай школе гэтак жа, як у нас Мікалая Рэя, – старанна, але з некаторай цяжкасцю. Вось так мы выпадкова намацалі парадокс – цудоўным чынам, дзякуючы пасярэдніцтву перакладчыка, у мяне больш доступу да пісьменніка шаснаццатага стагоддзя, чым у маёй сяброўкі, якая чытае яго ў арыгінале! Бо словы састараюць, і перакладчык амалоджвае іх – на старых парастках вырастаюць новыя. Пераклад – гэта не толькі пераклад з мовы на мову і з культуры на культуру, ён нагадвае своеасаблівы сельскагаспадарчы прыём, калі ад зыходнай расліны адразаецца галінка і прышчапляецца на іншую расліну, дзе пускае новыя парасткі, набірае новую сілу і робіцца паўнавартаснай галінай.
Выбачайце за гэтую садова-паркавую метафару, але я згадваю, што Гермес, акрамя таго, што прыдумаў словы і слоўнікі, лічбы, астраномію, музыку, ліру, таксама навучыў людзей вырошчваць аліўкавыя дрэвы.
Маё пакаленне, і я думаю, што не толькі маё, ведае класічную французскую літаратуру па перакладах Тадэвуша Боя-Жаленскага. Гэты самы актыўны і працавіты перакладчык французскай літаратуры на польскую мову быў моцнай, выразнай індывідуальнасцю і мог знайсці такі варыянт польскай мовы, які надзвычай адпавядаў упарадкаванаму і патрабавальнаму строю французскай. Таму, калі я чытаю Мантэня, я чытаю яго праз розум Боя-Жаленскага. Кожны сказ гэтай кнігі на імгненне або трохі даўжэй затрымліваўся ў яго свядомасці, перш чым сыходзіў на паперу і замацоўваўся ў друку. Таму я магу з упэўненасцю сказаць, што ведаю французскую літаратуру так, як яе перажыў і зразумеў перакладчык. Ён ёсць там у кожным сказе. Цікава, што сказаў бы на гэта сам Мантэнь?...

Марына Шода: Калі казаць пра Беларусь, то ў нас твае кнігі чытаюцца з вялікай цікавасцю. І ўсе беларускія чытачы страшна радаваліся, калі ты атрымала Нобелеўскую прэмію. Я са свайго боку працягваю марыць, каб па-беларуску існавалі не толькі перакладзеныя мной “Правек і іншыя часы” і “Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых”, а даслоўна ўсе твае кнігі.

Пераклад як выратаванне 

Калі Гермес толькі нарадзіўся і яшчэ ляжаў у калысцы, ніхто не чакаў, што гэтае немаўля валодае нейкімі асаблівымі здольнасцямі, нават калі гэта дзіця самога Зеўса. Але неўзабаве маленькі бог самастойна выслізнуў з дому і скраў у свайго брата Апалона статак кароў. Жадаючы збіць з тропу магчымую пагоню, ён абматаў капыты жывёлы шкурамі, каб не пакідаць слядоў. Паспеў схаваць скрадзены статак, а потым вярнуўся ў калыску.
Ёсць выдатная гісторыя, якую перакладчыкі павінны трымаць у сваім міфалагічным дасье, бо яна даводзіць, што менавіта яны выратавалі цывілізаваны свет.
Здавалася, што пасля падзення Рымскай імперыі, пад націскам варвараў, што рабавалі Еўропу, знікнуць усе інтэлектуальныя набыткі антычнасці. І сапраўды –многае незваротна згінула, а ў тым, што многае ацалела, у вялікай колькасці заслуга арабскіх валадароў дынастыі Абасідаў, якія кіравалі з VIII стагоддзя вялікімі прасторамі, у тым ліку ў Міжземнамор’і і на Блізкім Усходзе. У сталіцы сваёй дзяржавы, Багдадзе, яны стварылі вялікую акадэмію, якая спецыялізавалася на перакладах. У тым знакамітым багдадскім Доме мудрасці натоўпы перакладчыкаў перакладалі на арабскую мову амаль усё, што траплялася ім у рукі з розных куткоў імперыі. Асабліва арабы любілі грэкаў – Архімеда, Тэафраста, Пталемея, Гіпакрата, Эўкліда і перш за ўсё Арыстоцеля; іх цікавілі навуковыя працы – геаграфія, астраномія, медыцына, а таксама астралогія і магія. Аднак яны перакладалі не толькі з грэцкага, але і творы з Егіпта, Індыі і Персіі. Магчыма, той-сёй з нас шкадуе, што іх зусім не прыцягвалі гістарычныя творы ці паэзія. Герадот, Гамер, Фукідыд або Арыстафан іх не цікавілі. Таксама яны не перакладалі драмы, і таму многае знікла назаўсёды. Гэтыя прагматычныя жыхары Усходу аддавалі перавагу заняткам лінгвістыкай, граматыкай або стылістыкай. Верагодна, яны планавалі стварыць свае ўласныя, яшчэ лепшыя творы мастацтва. У любым выпадку, калі Еўропа яшчэ была ў дыме і смуродзе спаленых рэшткаў цывілізацыі, на працягу некалькіх стагоддзяў ранняга сярэднявечча найважнейшыя тэксты загінулай цывілізацыі, як схаваныя каровы Апалона, зімавалі на іншай мове на паліцах багдадскіх і наогул арабскіх бібліятэк. Усё гэта ў часы, якія, як вядома, былі аднымі з самых змрочных перыядаў у гісторыі Еўропы – унутраныя войны і нашэсці варвараў зраўноўвалі з зямлёй гарады, разбуралі сельскагаспадарчыя ўгоддзі, гвалт і хваробы забівалі людзей. Не час для бібліятэк.
Жорны гісторыі працуюць павольна і па вядомых толькі ім самім правілах, таму ў XII стагоддзі сітуацыя змянілася, і па той бок Міжземнага мора адбылося падобнае да апісанага вышэй. Тады набрала абаротаў Рэканкіста, узброеная барацьба хрысціян, якія імкнуліся выцесніць маўраў з Іберыйскага паўвострава, што супала па часе – як мы ведаем – з крыжовымі паходамі. Да таго ж уяўленне распальвалі апавяданні, якія выпляталі агітатары-прапаведнікі, – пра вяртанне святой зямлі, пра арабскія багацці на Блізкім Усходзе. Арабы, якіх усё больш выцяснялі з Еўропы на поўдзень сучаснай Іспаніі, пакідалі пасля сябе багатыя, прыгожыя гарады, незвычайную музыку, высокаразвітую культуру. І бібліятэкі. За войскамі заваёўнікаў цягнуліся манахі і іншыя людзі кніг, якіх не захапляла ніякае іншае багацце, акрамя сувояў і кодэксаў. Цяпер – наадварот – патрэбныя былі перакладчыкі з арабскай на хрысціянскія мовы.
Арцыбіскуп Таледа стварыў знакамітую Таледскую школу перакладчыкаў, якія, як археолагі, вярталі для заходняй культуры твор за творам. Часта перакладалі яны спачатку з арабскай на кастыльскую і толькі потым – з кастыльскай на латынь. Латыні гэтыя новыя перакладчыкі не любілі, яна здавалася ім мовай наскрозь прагнілай, збуцвелай, як акведукі загінулай Рымскай імперыі. Шмат гадоў сышло на адукацыю ў Таледскай школе спраўных, вартых даверу перакладчыкаў. Я ведаю, што, напэўна, вам цяжка будзе запомніць усе гэтыя імёны, але сёння нам варта называць імі вуліцы еўрапейскіх гарадоў: Адэлард Бацкі, Роберт Чэстэрскі, Альфрэд Сарашэльскі, Даніэль з Морлі, Герард Крэмонскі, Платон з Цівалі, Бургундыё Пізанскі, Якуб Венецыянскі, Эўгеніё Палермскі, Майкл Скот, Герман Карынтыйскі, Вільем з Мёрбеке, Абрагам бар Хія. Да таго, як гэтыя вялікія людзі зрабілі пераклады, Захад ведаў толькі дзве філасофскія працы Арыстоцеля, адзін твор Парфірыя, як, зрэшты, і Платона (“Тымей”), і яшчэ некалькі іншых грэчаскіх твораў. Такім чынам, пераклад усяго Арыстоцеля разам са старажытнымі, візантыйскімі і ісламскімі, каментарамі, а таксама сотняў іншых грэчаскіх і арабскіх кніг стаўся абсалютным пераваротам у сярэднявечнай навуцы і філасофіі. Гэта была рэвалюцыя, пасля якой заходняя цывілізацыя пачала ўставаць на ногі.
Можна толькі ўявіць, наколькі вялікаю была гэтая праца. Арабская мова надзвычай пластычная, з вялікай колькасцю сінонімаў. Кажуць, у слова “змяя” іх цэлых 500! Сэнс у такой мове бывае неадназначным і залежыць ад кантэксту. Перакладчыкі спраўляліся як маглі і часта, калі не ведалі якога-небудзь слова ці не маглі знайсці яго ў сваіх каштоўных, узаемна запазычаных і скампіляваных слоўніках, запісвалі такое паняцце ў яго арабскім гучанні, але лацінскімі літарамі. Так яны выпадкова, нібы маракі, якія, як пасажыраў-безбілетнікаў, прывозяць насенне раслін з чужых кантынентаў, перацягвалі ў сваю мову да таго невядомыя Захаду паняцці. Хочаце ведаць, якія? Калі ласка – аламбік, алгебра, алгарытм, алкаголь, жыраф, зеніт, камфара, кава, лютня, макрамэ, надзір, рыза, тальк, халва, хімія, шарбет, шафран, эліксір, язмін – і яшчэ сотні.
Нечаканае багацце, богам якога, нагадаем, таксама з’яўляецца Гермес.

Нашая размова адбываецца дзякуючы праекту “Cities of translators” у межах праграмы ТАЛЕДА. Звычайна genius loci, дух горада, ствараюць літаратары – пісьменнікі і паэты. А аўтары гэтага праекта спрабуюць раскрыць прыроду горада як горада перакладчыкаў. Твая першая сустрэча з Мінскам адбылася ў 2011 годзе дзякуючы запрашэнню на прэзентацыю перакладу рамана “Правек і іншыя часы”. Я разумею, што з гэтага моманту прайшоў доўгі час, здарылася шмат новых перакладаў і прэзентацый, але ці можаш ты апавесці пра свае ўражанні ад Мінска?

Вольга Такарчук: Мінск мне падаўся вельмі блізкім і знаёмым горадам, бо адчуваўся дух – той, як ты кажаш, genius loci. Памятаю перадусім людзей. Памятаю, што адчувала сябе вельмі бяспечна. Памятаю, што было вельмі, проста надзіва чыста і ахайна ў гэтым горадзе. Памятаю таксама сардэчнасць і нейкую разнавіднасць будыйскага спакою, які ёсць у беларусах, – да такой ступені, што я была шмат разоў узрушаная іх лагоднасцю, кантактнасцю і таксама дзіцячай цікавасцю. Не ведаю, можа, ты жахнешся ад маіх слоў, але ў пэўным сэнсе гэтая чысціня горада, ахайнасць, цеплыня, адкрытасць і лагоднасць людзей стваралі ўражанне горада па-за часам, быццам бы я выехала кудысьці па-за прастору. І таму я вельмі перажывала за беларускія пратэсты і захаплялася імі – да гэтага часу, як пра іх кажу, адчуваю ўзрушэнне. Бо калі можна раскласці палітычныя пратэсты на шкале, то з аднаго боку ёсць, напрыклад, пратэсты, поўныя гвалту і шалу, а з іншага – беларусы пратэставалі з нейкай асаблівай палітычнай культурай. Я вельмі добра памятаю здымак, які абышоў увесь інтэрнэт: калі трэба было залезці на лаўку, каб выказваць пратэст, беларусы здымалі боты. Гэта шчыра захапляе. А яшчэ я згадваю нашага правадніка па Горадні, вельмі добрага і адкрытага чалавека, які паказваў нам усё, што толькі магчыма. Я была проста шакаваная, у самым добрым сэнсе слова, файнасцю людзей у Беларусі. Так што ў мяне самыя добрыя і цёплыя пачуцці да Беларусі, і таму ўсю цяперашнюю палітычную сітуацыю я ўспрымаю асабліва балюча.

Марына Шода: Ведаеш, што да пратэстаў, яны ў нас пачыналіся як карнавалы, з песнямі і жартаўлівымі лозунгамі, а цяпер насталі сапраўды чорныя дні, і пайшла хваля эміграцыі. Я зусім нядаўна перакладала біяграфію Норвіда, і сітуацыя ў цяперашняй Беларусі вельмі нагадвае 30-я гады XIX стагоддзя ў Польшчы, калі эмігравала шмат людзей культуры. Менавіта тых, хто ствараў genius loci – дух горада і дух краіны. 

А ці можаш ты штосьці сказаць пра беларускае гучанне тваіх словаў? Ты ж чула свае тэксты па-беларуску.

Вольга Такарчук: Так, я чула, але я не ведаю беларускай мовы. Для мяне, як для многіх палякаў, беларуская мова – такі сабе фальшывы сябра. Ствараецца ўражанне, што ты ўсё разумееш, але, як высвятляецца, не да канца. І таму я няшмат магу сказаць. Я чула, як ты чытаеш, і тэкст гучыць цудоўна, ствараючы троху казачнае ўражанне. І гэта таксама частка дачыненняў “аўтар-перакладчык”, ці, у нашым выпадку, “аўтарка-перакладчыца” – я табе давяраю, я ведаю, што ты не зробіш крыўды майму тэксту, што ты стараешся зрабіць яго настолькі добрым, наколькі можаш. І мой давер ёсць пэўным цяжарам для цябе. На жаль, звычайна я не ў стане ацаніць якасці перакладу. Толькі па рэакцыі чытачоў я магу зрабіць выснову, ці дзейнічае перакладзены тэкст. І калі ў замежных чытачоў з’яўляюцца такія ж пытанні, як у польскіх, або калі яны ўспрымаюць падобным чынам аднаго і таго ж персанажа, гэта для мяне сведчыць пра якасць перакладу.

 

Марына Шода: І апошняе пытанне – што б ты хацела сказаць беларускаму чытачу?

Вольга Такарчук: Я б хацела сказаць, што мае кнігі маглі быць напісаныя і па-беларуску, у сэнсе – у арыгінале маглі б быць напісаныя на беларускай мове. Яны настолькі ўніверсальныя ў тым коле, дзе мы знаходзімся – у Цэнтральнай Еўропе, – што я была б вельмі рада, калі б беларускія чытачы ўспрынялі гэтыя гісторыі, як свае ўласныя, як гісторыі, якія тычацца іх саміх.

Літаратура як акт камунікацыі пачынаецца тады, калі мы падпісваем сваім імем і прозвішчам напісаны тэкст, калі мы становімся за ім як аўтары і аўтаркі, выяўляючы з дапамогай слоў наш найглыбейшы, найбольш датклівы і непаўторны досвед і адначасова разумеючы рызыку, што ён будзе незразумелы, праігнараваны, выкліча гнеў або пагарду. Такім чынам, літаратура – гэта той асаблівы момант, калі самая індывідуальная і непаўторная ўласная мова сустракаецца з мовамі іншых людзей. Літаратура – гэта прастора, дзе прыватнае становіцца публічным.
Мяркуецца, што першым чалавекам, які падпісаў сваім іменем літаратурны тэкст і тым самым зрабіўся першым пісьменнікам, была Энхедуанна, шумерская жрыца багіні Інаны. У змрочныя часы грамадскіх хваляванняў, жорсткай барацьбы за ўладу яна, поўная расчаравання і няўпэўненасці ў сабе, напісала “Гімн Інане”, надзвычай кранальную скаргу чалавека, якому здаецца, што бог пакінуў яго. Дзякуючы перакладу, які па сваёй прыродзе асучаснівае мову, гэты тэкст можа выдатна разумецца і перажывацца сучасным чытачом, паколькі ён перадае глыбокі, надзвычай інтымны, але, без сумневу, універсальны досвед, які праходзіць праз час. Гэта драматычнае, вельмі інтымнае прызнанне ў адчаі, закінутасці, адзіноце і расчараванні, напісанае каля 5000 гадоў таму (!), можа быць сёння глыбока перажыта тым, хто жыве ў зусім іншым свеце, калі афіцыйныя мовы таго часу даўно (і літаральна) рассыпаліся ў прах.
Індывідуальная мова фармуецца на працягу ўсяго нашага жыцця як раўнадзейная мовы, атрыманай у спадчыну ад бацькоў, мовы атачэння, чытання, школы і ўласнай, непаўторнай індывідуальнасці чалавека. Гэта інтымная мова, на якой мы размаўляем самі з сабой і якая, вядома, не заўсёды вартая фіксацыі, да таго ж не кожны з нас мае звычку запісваць уласныя думкі, весці дзённік ці ствараць тэксты. Такім чынам, нешта настолькі ж унікальнае, як адбіткі пальцаў, па якіх можна ідэнтыфікаваць чалавека.
Я думаю, што культура – складаны працэс балансавання паміж індывідуальнымі і калектыўнымі мовамі. Калектыўныя мовы – пратаптаныя шляхі, у той час як індывідуальныя выконваюць ролю асобных сцежак. Калектыўныя мовы – узгодненыя, абагульненыя спосабы камунікацыі, якія павінны быць максімальна зразумелымі, але, у першую чаргу, перадаваць сэнс, дапамагаючы пабудаваць вобраз, падобны або ідэнтычны рэальнасці. У гэтай калектыўнай рэальнасці словы будуць адсылаць да канкрэтных з’яваў і рэчаў, існых ці ўяўных. Ад гэтага часу калектыўная мова і вобраз рэальнасці будуць узаемна ўмацоўвацца. Парадокс заключаецца ў тым, што ў сітуацыі шчыльнай узаемазалежнасці калектыўнай мовы і вобразу рэальнасці мы з часам адчуваем сябе ў пастцы, таму што мова падсілкоўвае рэальнасць, а рэальнасць – мову. Лепшымі прыкладамі з’яўляюцца закрытыя таталітарныя грамадствы, дзе падпарадкаваныя ўладзе СМІ ствараюць пастуляваную, прадказальную і адпаведна названую рэчаіснасць. Калектыўная мова, свядома і цынічна выкарыстоўваючыся прапагандай, служыць для падтрымання пэўнага палітычнага бачання. Тут любая камунікацыя замірае і нават робіцца немагчымай.
У такіх умовах выкарыстанне слова ці паняцця з-па-за сістэмы або прамаўленне ўслых відавочнай ісціны, непрынятай у дадзенай сістэме, робіцца праявай мужнасці. У групе яе апалагетаў калектыўная мова з часам становіцца настолькі натуральнай, што яе ўсё часцей выкарыстоўваюць не раздумваючы; словы губляюць свае значэнні, а кантэксты падаюцца занадта шаблоннымі і зацяганымі, каб выкарыстоўвацца для творчасці. Такая мова ператвараецца ў, як кажуць у Польшчы, “мову-траву”, перастае што-небудзь азначаць, робіцца рытуалам, выкрыкваннем лозунгаў. Пазбаўленыя контураў паняцці, якія падыходзяць толькі для таго, каб іх скандаваць.
І гісторыя, і сучаснасць вучаць нас, што пры стварэнні такіх палітычна арыентаваных калектыўных моў адбываецца крадзеж і выкраданне слоў. Нейтральнае, падзабытае ці нават архаічнае па сваім сэнсе слова, раптам выцягнутае з архіву, трапляе на сцягі і ў перадвыбарчыя праграмы. Такім з’яўляецца, напрыклад, слова “нацыя”. Аказваецца, пазбаўленае свайго гістарычнага кантэксту, атрэсенае ад пылу, яно можа выдатна служыць для пабудовы новага сусветнага парадку. Яно робіцца настолькі моцным, што нават непрыхільнікі новага парадку больш не могуць выкарыстоўваць гэта нявіннае, здавалася б, слова, бо, насычанае новымі сэнсамі, яно зрабілася небяспечным.
Вядома, калектыўная мова павінна існаваць, каб мы маглі разумець адно аднаго ў рэчаіснасці, якую мусім увесь час узгадняць. Павінна быць нейкае моўнае вымярэнне грамадскага адзінства; часта самыя простыя фразеалагічныя звароты і ідыёмы даюць адчуванне супольнасці.
Барацьба за навязванне іншым калектыўнай мовы працягваецца не толькі ў парламентах і на тэлебачанні, але і ў універсітэтах. Менавіта там хвалямі нараджаюцца інтэлектуальныя моды, якія звычайна ствараюць свае ўласныя калектыўныя мовы. Іх рэалізацыя займае пэўны час, але праз некалькі гадоў, калі такая мова будзе прынятая, яна паслужыць не толькі для таго, каб апісаць вобраз свету, але і для стварэння альянсаў, выключэння з групы або прыняцця за свайго. Кожнае пакаленне стварае сваю мову, з дапамогай якой апісвае свет, а сёння новая мова ствараецца, можа, нават кожнае дзесяцігоддзе. У той жа час гэтая мова часта зусім не ўсведамляе сваёй эфемернасці, абмежаванасці і таго, што можа апісваць толькі тое, што знаходзіцца ў яе межах. 
Няма больш страшнай хваробы, чым страціць індывідуальную мову і як прыватнай карыстацца калектыўнай. Хварэюць чыноўнікі, палітыкі, акадэмікі і нават святары. І тады адзіным відам магчымай тэрапіі становіцца Літаратура – зносіны з мовамі творцаў дзейнічаюць як вакцына супраць спецыяльна створанага і інструментальна апрацаванага бачання свету. Гэта магутны аргумент на карысць чытання літаратуры (таксама і класічнай), таму што літаратура паказвае, што калісьці калектыўныя мовы дзейнічалі па-рознаму, і такім чынам паўсталі розныя бачанні свету. Вось чаму карысна чытаць, каб знаёміцца з гэтымі іншымі бачаннямі і пераконвацца ў тым, што наш свет з’яўляецца толькі адным з магчымых і дакладна не дадзены нам раз і назаўсёды.
Перакладчыцы і перакладчыкі нясуць тую ж адказнасць, што і пісьменнікі і пісьменніцы. І адны, і другія стаяць на варце аднаго з найважнейшых феноменаў чалавечай цывілізацыі – магчымасці перадаваць іншым людзям найзапаветнейшы досвед і абагульняць гэты досвед у дзіўным акце стварэння культуры, а спрыяе ім у гэтым Гермес – бог камунікацыі і наладжвання кантактаў і сувязяў.

 


У матэрыяле выкарыстаныя ўрыўкі з эсэ Вольгі Такарчук “Праца Гермеса”. 

Пераклад на беларускую мову: Марына Шода

PDF

Марына Шода 

Нарадзілася ў 1973 г. (Пружаны, Беларусь). Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Навуковая спецыялізацыя: міфалогія, гісторыя літаратуры і культуры, семіётыка культуры. У 2019 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю “Міф ў мастацкай сістэме Уільяма Батлера Ейтса”.

У 2000-2005 гг. удзельнічала ў Міжнароднай перакладчыцкай школе “Translatorium”, у 2012-2016 гг. прымала ўдзел ў сустрэчах і майстэрнях Міжнароднага перакладчыцкага семінару “Перакладчыкі без межаў”.

У 2015 годзе атрымала ўзнагароду інтэрнэт-часопіса “Прайдзісвет” за пераклад рамана “Вайзэр Давідзік” Паўла Гюле (“Weiser Dawidek” Pawła Huellego). 

Перакладае з польскай. Пераклала між іншага творы Януша Корчака, Яраслава Івашкевіча, Чэслава Мілаша, Славаміра Мрожка, Збігнева Герберта, Вольгі Такарчук і інш.