Cities of translators У пошуках дому

Словы, якія пазначаюць дом

Яўген Папакуль

 

Адчуванне дому – з’ява зменлівая. Уплывае на гэтае адчуванне не толькі тое, дзе чалавек знаходзіцца фізічна, але яшчэ і тое, чым чалавек займаецца.

Я нарадзіўся ў горадзе Наваполацку. Раскрыю таямніцу: ніколі не любіў гэты горад. Ён уяўляе сабой адну даўжэзную вуліцу шэрых безаблічных панэлек, заціснутую паміж Заходняй Дзвіной і прамзонай. Не люблю Наваполацк і цяпер, улічваючы, што ўжо пяць гадоў як пераехаў у Полацк. Нават настальгіі не ўзнікла ніводнага разу. Ці быў ён маім домам? Безумоўна! Але домам, хутчэй, проста як месцам пражывання, а не тым самым домам – утульным і сваім.

А як жа справы з Полацкам1? Ну што ж, сітуацыя і тут шмат у чым падобная, бо менавіта дома я адчуваю сябе толькі ў сваёй кватэры. Тут мы бавім час разам з каханай жонкай, і тут я займаюся адной з маіх улюбёных справаў – перакладамі. У астатнім жыццё ў Полацку даволі сумнае і аднастайнае, бо, акрамя некалькіх насамрэч знакавых месцаў, гэта – самы звычайны савецкі райцэнтр, дзе асабліва і на шпацыр схадзіць няма куды. І ад былой велічы горада Palteskia, пра які больш за тысячу гадоў таму ведалі нават ісландцы, на вялікі жаль, не засталося нічога.

Полацк – адзін са старажытных гарадоў Беларусі, які быў заснаваны ў IХ стагоддзі. Вядомы як горад асветы, гандлю і вытворчасці, радзіма Францыска Скарыны і Еўфрасінні Полацкай – слынных асветнікаў Беларусі. Наваполацк паўстаў у дзясятках кіламетраў ад старажытнага горада ў 1950-х. Гэта малады навуковы і прамысловы поліс.

 

Palteskia (старажытнаісландская) – Полацк

 

Нярэдка чую пытанне, чаму я не пераязджаю ў Мінск. Так, гэта горад магчымасцяў, але я заўжды проста паталагічна не любіў вялікія гарады з вялікім скопішчам людзей. У Мінск здорава прыехаць на выходныя, прайсціся па выставах, павырашаць нейкія справы – але на гэтым, па вялікім рахунку, і ўсё.

І наогул, бадай што, мой самы ўлюбёны горад у Беларусі – Браслаў. Сапраўднае беларускае мястэчка, якое прыносіць нейкі спакой і той самы дзэн. Тым больш што мае продкі па мячы з Браслаўшчыны, таму штогод улетку месяц-паўтара я праводжу менавіта там. І вось тады я адчуваю сябе дома. Прызнаюся, што любоў да Браслаўшчыны знайшла сваё адлюстраванне і ў перакладах. Справа ў тым, што браслаўскі дыялект – вельмі адметны, з вялізнай колькасцю ўнікальных трапных словаў. Таму ў “Эдзе Сноры Стурлусана” з’явіліся “кірапла”, “недалэнга”, “цумбэрыць” і, канешне ж, легендарнае паўночнабеларускае “малец.

 

hús (старажытнаісландская) дом

 

Мой шлях да “скандынаўшчыны” і, як лагічны працяг гэтага, – да перакладаў пачаўся на пятым курсе ўніверсітэта, што даволі позна. Вось цюкнула мне ў галаву, што было б някепскай ідэяй пачаць вывучаць на выпускным курсе трэцюю замежную мову – шведскую. Быццам ангельскай з нямецкай, а яшчэ дзяржіспытаў, дыплому і размеркавання было мала. Але гэта стала вельмі правільным рашэннем. Бо падчас вучобы я рызыкнуў падаць дакументы на моўныя курсы ў Швецыі – і вуаля, атрымаў стыпендыю.

Тыя тры тыдні вучобы ў горадзе Фрэнста кардынальна змянілі мой светапогляд, бо, аказваецца, “і за Гомлем людзі ё”. І хоць Швецыя – гэта нешта з разраду іншай планеты, я адчуваў сябе там надзіва на сваім месцы, бо культурны шок прайшоў праз некалькі дзён, і тады я сам сабе шчыра прызнаўся: “А мне тут падабаецца”. Ёсць у мяне і безумоўны фаварыт сярод шведскіх гарадоў (а праехаў я Швецыю з поўдня амаль да самай поўначы далёка за палярны круг) – Упсала. Ландшафт, архітэктура, гістарычны дух – для мяне гэта ідэальны горад. І не выключаю, што аднойчы ён стане для мяне родным.

 

mál (старажытнаісландская) мова

 

Але Швецыяй і шведскай мовай усё не абмежавалася. І зацікаўленасцю ў культуры і гісторыі – таксама. Паступова я стаў заўважаць, што раблюся ўсё болей “паўночным чалавекам”. І гэта кажа той, хто ўсё жыццё пражыў на тэрыторыі Віцебшчыны, не самай паўднёвай і цёплай вобласці Беларусі. Перастаў любіць лета, спёку ненавіджу лютай нянавісцю, затое цяпер для мяне зіма са снегам і доўгімі начыма – любоў назаўжды. Люблю скандынаўскі лад жыцця – без лішняй мітусні, – хаця не зацыклівацца на праблемах, што выдатна ўмеюць скандынавы, так і не навучыўся. Спадзяюся, пакуль.

Далей – болей. Я пачаў займацца яшчэ і старажытнаісландскай (па праўдзе, меў досвед працы з фарэрскай і з мовай норн, але выключна ў якасці эксперыменту). Ніколі не думаў, што вазьмуся за гэта надоўга і ўсур’ёз, але на перакладзе “Прароцтва вёльвы” я не спыніўся, як меркаваў і слёзна абяцаў самому сабе спачатку. Бо хачу спраўдзіць мару маёй жонкі – займець “Эду” па-беларуску. Дзве кнігі з запланаваных трох ужо выдадзеныя, таму, я лічу, гэта вельмі някепскі вынік.

 

norðr (старажытнаісландская) поўнач

 

Старажытнаісландская мова – надзвычай паэтычная, з багатымі аманімічнымі шэрагамі. Часам адно і тое ж слова можа мець некалькі не проста ніяк не звязаных паміж сабой, а кардынальна розных значэнняў. Напрыклад, слова lið. Перакласці яго можна як сустаў, карабель, калыска, труна, войска, дапамога і піва, што дае шыкоўную глебу для гульні словаў. І часам на такой гульні словаў грунтуюцца цэлыя раздзелы ў “Эдзе Сноры Стурлусана”.

Аднак пры ўсёй сваёй паэтычнасці старажытнаісландская мова пазбаўленая пафасу, які чытач можа чакаць ад “Песень пра багоў” і “Песень пра герояў”. Часам настолькі пазбаўленая пафасу, што тагачасныя скальды нярэдка дазвалялі сабе ўключаць у тэксты грубаватую лексіку і нават жорсткія мацюкі. І так, цяпер я ўмею віртуозна мацюкацца па-старажытнаісландску.

 

 

Miðgarðr (старажытнаісландская) – Мідгард (свет, населены людзьмі, у скандынаўскай міфалогіі)

 

Праца з мёртвай мовай дужа ўплывае на светапогляд. А ісландскі ўплыў я адчуў яшчэ ў 2018 годзе, падчас вандроўкі ў Ісландыю. Тры чароўныя дні сярод гораў, гейзераў, ледавікоў, вулканаў, вадаспадаў, вусцішнага ветру і лютай халадэчы не пакінулі мяне абыякавым. Цяпер, перакладаючы паэмы са знакамітага цыкла пра Ніфлунгаў, я часам уяўляю сябе не ў Полацку, а ў невялікім дамку ў якім-небудзь ф’ёрдзе. І ад гэтага адчування мне робіцца неяк спакойна. І, па шчырасці, я з задавальненнем жыў бы дзе-небудзь у Ісландыі ці на Фарэрах, але разумею, што гэта з вобласці фантастыкі.

 

sær (старажытнаісландская) мора

 

Мая перакладчыцкая дзейнасць уплывае і на паўсядзённасць. Пасля таго як я агораў усе трыста пяцьдзясят паэтычных уставак у “Эдзе Сноры Стурлусана” з процьмаю кенінгаў, сам часам з гэтымі самымі кенінгамі і размаўляю. І вельмі крута, што мая жонка падтрымлівае такія размовы, таму пачуць у нас дома “пастаў імбрычак на ліха галінаў”, ці “трэба засцяліць каня падлогі” – справа звычайная. І ўвогуле, мне дужа прыемна, што, пасля таго як я выдаў “Эду Сноры Стурлусана”, жонка падарыла мне запясце – гэта той дарунак, які атрымлівалі таленавітыя скальды ад конунгаў і ярлаў. А значыцца, хоць трошачкі скальдам я называцца маю права. І сваю справу я раблю недарэмна. І някепска.

 

skáldskapr (старажытнаісландская) – паэзія

 

Тое, чым мы займаемся, уплывае яшчэ і на часавае ўспрыманне. Я дакладна ўсведамляю, што нарадзіўся не ў той час, і маё месца дакладна недзе раней. Наколькі – адказаць не магу, але не цяпер. І, магчыма, мой дом таксама недзе раней.

Хоць я яшчэ далёка не стары чалавек, не вельмі прыязна стаўлюся да сучасных тэхналогіяў. Да самага нядаўняга часу ў мяне быў самы просты кнопкавы тэлефон. Я не карыстаюся ні вайберам, ні інстаграмам, ні тэлеграмам, а калі з’язджаю ўлетку ў вёску, я болей за месяц жыву наогул без мабільнай сувязі і сеціва. Як сапраўдны скальд. І пры гэтым пачуваюся выдатна.

 

(старажытнаісландская) – цішыня

 

Падагульняючы, магу даць адназначны адказ на пытанне, дзе цяпер мой дом: не ведаю. Магчыма, ягоны пошук – частка славутага пошуку сэнсу жыцця. І калі я не ведаю, дзе дом, я дакладна ведаю, з кім ён. З маёй сям’ёй, жонкай і бацькамі. У гэтым я ўпэўнены.

 

ást (старажытнаісландская) каханне

 

© Margaryta Latyshkevich

Яўген Папакуль нарадзіўся ў 1988 годзе ў Наваполацку. Кандыдат філалагічных навук, выкладае міфалогію і шведскую мову ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. Працуючы над дысертацыяй, пачаў перакладаць шведскія народныя балады на беларускую мову.

У цяперашні час працуе над поўным беларускамоўным выданнем "Паэтычнай Эды". Перакладае не толькі са шведскай і старажытнаісландскай, але і з фарэрскай ды мовы норн.

Fußnoten
1
PDF