Cities of translators Minsk Пераклад у Беларусі: дысцыплінаванне ці эмансіпацыя?
by de

Пераклад у Беларусі: дысцыплінаванне ці эмансіпацыя?

лістапад 2021 - студзень 2022  

 

Пераклад у Беларусі: дысцыплінаванне ці эмансіпацыя?

Што сёння значыць перакладаць у Мінску? Якою бачаць сваю ролю для беларускага грамадства перакладчыкі і перакладчыцы? Дзе месца радасці і асалоды ў працэсе перакладу? І чым можа быць цікавы для беларускай перакладчыцкай супольнасці досвед перакладу – як дысцыплінавання і як эмансіпацыі – ва Украіне?

На сустрэчы 22 снежня 2021 года былі прадстаўлены вынікі апытання сярод перакладчыкаў і перакладчыц Мінска / Беларусі, а потым прагучалі тры рэплікі ад запрошаных перакладчыц.

Апытанне прадстаўляў Андрэй Вазьянаў – антраполаг, лектар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільнюс). 

Запрошаныя выступоўцы: 

Алена Талапіла – перакладае з нямецкай і англійскай моваў на беларускую. У 2020 годзе выйшаў яе пераклад кнігі Фелікса Акермана “Аўташкола па-віленску: Падарожжы і прыгоды нямецкага гісторыка”.

Алена Пятровіч – перакладчыца, рэдактарка, у мінулым – лінгвістка і выкладчыца лінгвістычных дысцыплін. Ёй належаць пераклады на беларускую твораў Джаан Роўлінг пра Гары Потэра.

Неля Вахоўська – перакладчыца, удзельніца ўкраінскай ініцыятывы “Перекладачі в дії”, суарганізатарка нямецка-ўкраінскай майстэрні перакладу ViceVersa, сакуратарка праекта City of Translators Kyiv. 

Да ідэі пагутарыць пра эмансіпацыю і дысцыпліну ў перакладзе нас прывялі некалькі чыннікаў. З аднаго боку, гэта беспрэцэдэнтны інтарэс да Беларусі з-за мяжы, які сам па сабе актуалізуе пытанні перакладу і рэпрэзентацыі. З другога боку, у самім беларускім грамадстве вядуцца дэбаты пра тое, што можна і належыць агучваць у сённяшняй сітуацыі і як расстаўляць акцэнты ў сваёй працы: каго, для каго і на якіх умовах перакладаць. Акрамя таго, Мінск пачатку 2020-х стаў у многіх сітуацыях праяўляцца не як фізічная прастора, а як віртуальная, транслакальная супольнасць раздзеленых пандэміяй, рэпрэсіямі, вымушанымі ад’ездамі людзей. Нарэшце, па-ранейшаму актуальныя даўнейшыя дыскусіі пра варыянты беларускай лексікі і арфаграфіі, аўтэнтычнасць мовы і двухмоўе.

Пры ўсіх асаблівасцях беларускай сітуацыі ў сферы перакладу – у моўным, арганізацыйным плане і з улікам гістарычнага моманту – мы не хацелі канструяваць яе як выключную і шукалі паралелі з украінскім кейсам.

Дапаможную ролю адыграла апытанне – з яго дапамогай мы атрымалі першаснае ўяўленне пра меркаванні ў супольнасці людзей, што займаюцца перакладам у Беларусі. Запрошаным госцям прапанавалася азнаёміцца з вынікамі і ацаніць, як яны суадносяцца з іх уласным досведам.

Ніжэй прыведзены некаторыя вынікі апытання, а таксама асноўныя тэзісы сустрэчы, з відэацытатамі. Мы бачым гэты тэкст не як падсумаванне, а як запрашэнне да рэфлексіі пра тое, чым з’яўляецца перакладчыцкая праца ў Мінску і Беларусі ў 2020-х, якія існуюць магчымасці для салідарызацыі ўнутры перакладчыцкай супольнасці.

Некаторыя вынікі даследавання

Апытанне праводзілася ў лістападзе 2021 года. Запрашэнне да ўдзелу размяшчалася ў Facebook, у тым ліку ў спецыялізаванай групе Translators and Interpreters of Belarus. Мы атрымалі 44 анкеты (па мерках колькаснай сацыялогіі гэта неістотная лічба, але для нас былі важнымі адкрытыя адказы, на якія анкеты досыць шчодрыя). Далей прыведзены некаторыя колькасныя выкладкі і некалькі каментарыяў да адказаў. Усе лічбы пададзеныя не ў %, а ў колькасці анкет.

У аўдыторыі апытання пераважылі жанчыны (жаночы гендар / пол указала 31 апытаная, мужчынскі – 12). Шэсць чалавек адзначылі ўзрост да 30 гадоў; 19 – ад 31 да 40; 14 – ад 41 да 50; 4 – ад 51.

Стаж у перакладчыцкай дзейнасці ў 12 чалавек меншы за 10 гадоў. 22 чалавекі – роўна палова – займаюцца перакладам ад 10 да 20 гадоў. Восем чалавек – больш за 20 гадоў. 

Нямала – 10 чалавек з 44 – маюць адукацыю, не злучаную з перакладамі непасрэдна: у адказах прадстаўлены дакладныя навукі – хімія, біялогія, а яшчэ эканоміка. Амаль усе астатнія (32) маюць філалагічную, лінгвістычную, педагагічную і перакладчыцкую адукацыю.

Мовы перакладу 

На беларускую перакладаюць 41 чалавек з 44 (што, безумоўна, не ёсць рэпрэзентатыўнай лічбай у маштабах Беларусі, дзе пераважнай мовай у большасці сфер выступае руская; хутчэй, такая папулярнасць беларускай мовы характарызуе людзей, уключаных у прафесійную супольнасць і зацікаўленых тэмай апытання). Руская мова ў аўдыторыі таксама папулярная – на яе перакладаюць 33, то бок тры чвэрці апытаных (з якіх некалькі ўдакладнілі, што на рускую перакладаюць радзей).

Пры гэтым з беларускай перакладаюць 14; з рускай – 28.

Сярод рабочых моў, акрамя беларускай і рускай, абсалютна пераважаюць еўрапейскія (можна нават казаць пра мовы Еўрасаюза); па адным разе згадваюцца японская, кітайская, іўрыт і санскрыт.

Сферай перакладу палова апытаных назвала мастацкую літаратуру. Аднак, канешне, гэта не значыць, што палова перакладчыц і перакладчыкаў у Беларусі перакладаюць прозу і паэзію; большасць сумяшчае пераклады ў розных сферах, а мяркуючы па пастах у Facebook-групе, статыстычна найвялікшым сегментам перакладаў з’яўляецца дзелавы / камерцыйны. З іншага боку, на запрашэнне паўдзельнічаць у апытанні адгукнуліся і многія з занятых у немастацкім перакладзе.

У апытанні мы таксама прасілі назваць да трох імён, на якія рэспандэнткі і рэспандэнты абапіраюцца ў літаратуры наогул і ў перакладзе ў прыватнасці. Нас цікавілі не столькі канкрэтныя ўплывовыя фігуры, колькі ступень разрозненасці адказаў. У выніку ў адказах лідзіравала з адрывам адно імя, згаданае 12 разоў, на другім і трэцім месцах апынуліся імёны з сямю і трыма згадкамі адпаведна; астатнія імёны згадваліся не больш за два разы (Хадановіч – 12 разоў, Сёмуха – 7, Галь – 3). 

Акрамя таго, у спісе было пытанне пра слоўнікі і іншыя інструменты перакладу. Найчасцей згадваліся лічбавыя інструменты – сайты і платформы, у тым ліку на аснове слоўнікаў. Хоць лічбавізацыю перакладу можна назваць глабальным трэндам, адзін з адказаў адзначыў спецыфіку беларускай сітуацыі: у сувязі з вымушаным ад’ездам некаторыя расстаюцца са сваёй папяровай бібліятэкай.

У анкеце меўся блок пытанняў, якія патрабавалі рэфлексіі, – пра ролю перакладу ў жыцці анкетаваных, становішча перакладчыкаў і перакладчыц у грамадстве, прызначэнне перакладу і г. д. З адказаў шляхам тэматычнага кадавання вылучаліся ключавыя катэгорыі. Тэматычнае кадаванне тэксту ў свабоднай форме – адкрыты працэс, што непазбежна месціць у сабе элемент суб’ектыўнасці, як на этапе фармулявання саміх катэгорый, так і пры размеркаванні матэрыялу паміж гэтымі катэгорыямі. Тым не менш гэтая працэдура дазваляе зразумець, як перакладчыцкая супольнасць вызначае для сябе значэнні і каштоўнасці сваёй працы.

Якую ролю адыгрывае пераклад у Вашым жыцці?

Катэгорыі, звязаныя са статусам перакладу ў арганізацыі жыцця анкетаваных: даход, хобі, прафесійны занятак. 

Катэгорыі, звязаныя з мыслёвай дзейнасцю: інтэлектуальная асалода; спосаб пашыраць веды, самаадукацыя; рухавік няспыннага развіцця; “самая цікавая гульня ў свеце”.

Для некаторых пераклад у Беларусі аказваецца спосабам выказвання грамадскай пазіцыі.

Спосаб зрабіць нешта карыснае для культуры.

Тэматычнае кадаванне выкарыстоўвалася і для адказаў на наступнае пытанне: “На Вашую думку, навошта патрэбныя пераклады?” (Прапанавалася канкрэтызаваць адказы датычна асобных моваў.) Ніжэй прыведзены тыя часткі адказаў, што непасрэдна тычацца прызначэння перакладаў; алфавіт і мова фрагментаў прыведзены ў адпаведнасць там, дзе яны адрозніваліся; вялікія літары заменены на маленькія; адказы з розных анкет раздзелены “\\\”; абдрукоўкі выпраўлены.

Тут часцей за ўсё адказы адсылалі да камунікацыі, узаемаразумення і абмену інфармацыяй паміж бакамі перакладу. Акрамя таго, найбольш часта ролю перакладу бачылі ў дапамозе “людзям”, аўдыторыі, кліентам (у выпадку немастацкага перакладу); у задавальненні патрэбаў чытацтва. Не так рэдка з’яўляліся і больш абстрактныя ідэі “ўзбагачэння” моў, інтэлектаў і культур, не абумоўленыя прагматычнымі запытамі.

Фрагменты адказаў вылучаны адпаведнымі колерамі паводле асноўных катэгорый, атрыбутаваных ім:

карысць для аўдыторыі, для чытацтва
карысць для мовы, на якую перакладаюць, і адпаведнай ёй культуры
узаемная карысць для камунікацыі, паразумення
агульная карысць для чалавецтва, цывілізацыі
асабістае задавальненне
развіццё індустрыі

знаёмства чытачоў з замежнымі кантэкстамі <...> пашырэнне слоўнікавага запасу мовы \\\ камунікацыя паміж рознымі народамі і культурамі, распаўсюд карыснай інфармацыі, данясеньне новых ведаў, узаемаразуменьне \\\ пашыраюць кругагляд, прыносяць у мову і мысьленьне новыя інструмэнты, дадаюць сьвету прыгажосьці і розуму \\\ для таго, каб увесь свет жыў на адной хвалі \\\ мастацкі пераклад – <...> гэта спосаб дыялогу паміж культурамі і літаратурамі <...> узбагачэнне сваёй літаратуры тэкстамі іншых літаратур <...>  набліжэнне іншакультурных твораў да нашых чытачоў \\\ дзеля паразумення культур і людзей \\\ каб нашая цывілізацыя крочыла наперад, нам трэба разумець адзін аднаго забяспечыць хуткі абмен новымі ідэямі і тэхналогіямі \\\ пераклады патрэбныя для паразумення паміж рознымі народамі і культурамі, для абмену інфармацыяй і досведам у самых розных галінах і кірунках нашага жыцця \\\ яны патрэбны мне самому \\\ узбагачэнне і развіццё мовы і літаратуры; збліжэнне дыскурсаў розных культурных прастор \\\ пераклады патрэбныя, каб узбагаціць айчынную літаратуру, паказаць рэзерв мовы \\\ перевод призван упрощать коммуникацию между людьми \\\ пераклад – гэта стварэнне кропак доступу да добрых ідэяў па-за межамі моваў, грамадстваў ці асобных людзей \\\ каб пашыраць веды, інфармацыю  \\\ глабальна – каб забяспечваць лепшае разуменне паміж рознымі сацыяльнымі групамі; лакальна <...> для ажыццяўлення якаснай камунікацыі і дапамогі кліентам у гэтым \\\ камунікацыя для доступу да ведаў і тэхналогій \\\ а як тыя, хто не ведае іншых моў, змогуць прачытаць кнігі, зразумець, як карыстацца прыладай...
зрабіць сусветную спадчыну даступнай беларускамоўным дзецям
, камунікацыя паміж народамі , прага выказаць сваімі словамі чужое мастацтва (прысабечыць, перастрававаць, засвоіць), перасадзіць “red rose” у свой сад \\\ нкарпараванне літаратуры свету ў культуру Беларусі , міжкультурныя сувязі , узбагачэнне літаратурнай мовы, развіццё беларускай літаратуры, прамоцыя беларускай мовы як мовы чытання \\\ папулярызацыя значных <...> паэтычных твораў у беларускай літаратурнай прасторы для разьвіцьця мовы, на якую робіцца пераклад і для ўзбагачэньня культуры новымі сэнсамі \\\ каб вывучаць іншыя культуры і будаваць масты . Каб браць нешта з чужога культурнага досведу ў сваю культуру   \\\ каб пашыраць межы ўласнага свету   \\\ апроч таго, што пераклад замежнага твора адкрывае нам іншую культуру, ён узбагачае культуру, у якую прыходзіць. Інфармацыйная і культурная прастора пэўнай краіны пашыраецца. У Беларусі гэта важна таму, што мы працягваем жыць у рускамоўнай культурна-медыйнай парадыгме, і чым больш тэкстаў паўстане па-беларуску, тым лепш і вальней у гэтай прасторы будзе пачувацца чалавек беларускай культуры \\\
каб забяспечыць камунікацыі паміж прадстаўнікамі розных нацый \\\ гэта спосаб сувязі з людзьмі з іншых краін і культур , развіццё эмацыйнага інтэлекту на больш глабальным узроўні таксама спосаб абменьвацца досведам \\\ каб людзі маглі прачытаць тое, што падабаецца мне (наконт італьянскай) \\\ для развіцця ўласнай мовы, увядзення ў культурны кантэкст новых узораў, фармавання культурнай прасторы, вядома, для знаёмства чытачоў з тым, што выходзіць у іншых краінах \\\  пераклад як індустрыя Ну і каб “разам ляцець да зор” \\\ пераклад <...> дапамагае паразумецца людзям розных краін і культур , дазваляе зрабіць досвед адной нацыі агульным набыткам чалавецтва , руйнуе абмежаванні, якія перашкаджаюць узаемаразуменню . Што датычыць літаратурных перакладаў, дык яны ўзбагачаюць літаратуру і культуру тых народаў, на чыю мову робяцца. Сусветныя шэдэўры ў перакладзе на беларускую робяцца часткай беларускай культуры \\\ каб павялічыць даступнасць тэкстаў \\\ калі беларус і англічанін/немец/паляк/інш. чытаюць адзін і той жа тэкст на сваіх мовах, важна, каб яны мелі аднолькавыя перажыванні і адчувалі аднолькавай моцы эмоцыі, бо, маючы ў аснове аднолькавы (ці максімальна прыбліжаны да аднолькавасці) досвед, беларус і іншаземец прасцей выбудуюць дыялог адзін з адным, і тады яны хутчэй здолеюць паразумецца \\\ мост паміж культурамі \\\ для налаживания коммуникации между людьми , для развития капитализма и освоения новых рынков, для распространения идей и практик \\\ чтобы помогать людям в общении (например, путем переговоров), решении конкретных задач (например, пройти лечение за границей с помощью перевода медицинских документов и устного перевода), узнавать что-то из-за границы; получить возможность прикоснуться к прекрасному (перевод художественной литературы) \\\ для інфармавання пра падзеі, абмену думкамі, каб людзі не выпалі з сусветнага кантэксту. Каб можна было распаўсюдзіць думкі замежных аўтараў і думкі нашых аўтараў зрабіць больш даступнымі ў замежнай літаратуры \\\ для ўзбагачэння культур і інтэлектаў \\\ для оформления документов в конкретной стране, а также для понимания работы процессов, предусмотренных документами \\\ ёсць кантэнт, ёсць мова арыгіналу, якую не ўсе разумеюць, і каб ім паглядзець кантэнт, трэба яго адаптаваць да іх мовы.

У анкеце мы таксама запыталіся: “Якая, на Вашу думку, роля перакладчыкаў і перакладчыц у беларускім грамадстве і ў мінскім жыцці?” Тут частка адказаў – да паловы – адсылала да ступені значнасці перакладчыкаў, і не ўсе раскрывалі само значэнне ролі. Там, дзе такое значэнне раскрывалася, найчасцей ішлося пра дапамогу чытачам – прычым у спектры ад нечага накшталт місіі (дапамагаць “не выпасці з культурнага кантэксту”) да выключна прагматычных функцый дастаўкі звестак. Тут тэматычныя блокі шмат у чым працягвалі думкі пра прызначэнне перакладаў, але большы акцэнт рабіўся на сацыяльнае пасрэдніцтва. Былі вылучаны наступныя асноўныя катэгорыі:

культурнае выхаванне
спрыянне камунікацыі
прадстаўленне “нашага” і “нашых” за мяжой
распаўсюд кантэнту
усталёўванне кантактаў і знаёмстваў
падвышэнне якасці жыцця

\\\ перакладчыкі фарміруюць літаратурныя густы эпохі :) \\\ спрыяць камунікацыі, любові да чытання, распаўсюду класічных і сучасных літаратурных твораў па-беларуску (на рускую шмат перакладаецца) \\\ дзякуючы перакладчыкам праводзяцца важныя сустрэчы, мерапрыемствы, перакладчыкі дапамагаюць усталёўваць навінкі з іншых краін у наш соцыум, а таксама прадстаўляць нашых таленавітых людзей за мяжой \\\ данесці правільна і зразумела для іншаземцаў інфармацыю аб жыцці і гісторыі Беларусі. Таксама дапамагаць беларускім колам у розных галінах усталёўваць кантакты і стасункі з замежнымі краінамі, знаёміць беларусаў з жыццём, гісторыяй і культурай розных народаў. Перакладчыкі і перакладчыцы ёсць такой асаблівай часткай пазла ў міжкультурнай камунікацыі \\\
Узаемапаразуменне \\\ роля, хутчэй, папулярызатараў літаратуры, чым самастойных творцаў \\\
робяць жыццё больш разнастайным і размаітым \\\ налаживание политического, культурного и технического диалога между странами \\\ яны ствараюць падмурак для будучай ідэнтычнасці беларускага грамадства \\\ адчыняюць акно ў свет і свету адкрываюць Беларусь \\\ ёння перакладчыкі фактычна ператварыліся ў пастаўшчыкоў крафтавых моўных паслуг, якія не можа выканаць машынны пераклад und перакладчыкі як частка інтэлігенцыі выконваюць у грамадстве адукацыйную, эталонную функцыю, задаючы не толькі мовазнаўчую, але і агульнакультурную планку ў эпоху масавай арфаграфічнай бязграматнасці і адносна нізкага прэстыжу філалагічнай адукацыі \\\ зблізіць свет, даць магчымасць паразумецца, выказаць сваім сэрцам чужы скарб \\\ агенты міжкультурных сувязяў, літаратуры, амбасадары замежных літаратур у Беларусі \\\ гэта людзі, якія дапамагаюць беларусам не выпадаць з кантэксту сусветнай культуры \\\ перакладчыкі дапамагаюць ствараць беларускі сусвет, найперш для нашых дзяцей і іх будучыні \\\ як паказвае практыка, шмат хто іншаземную мову разумее, але выказацца не можа, то без перакладчыка не абысціся \\\ H пашыраць гарызонты, адкрываць планеты прыносіць радасць, насамрэч, дапамагаючы чытаць тэксты, якія інакш людзі не маглі б прачытаць \\\ перакладчыкі ў тым ліку паўплывалі на тое, што беларуская мова і літаратура зрабіліся ў нейкім сэнсе папулярнымі. Адзін з каменьчыкаў у падмурак гэтага працэсу  \\\ перакладчыкі] робяць даступнымі тыя веды і інфармацыю, якія былі для грамадства недасяжнымі з-за моўнага бар’ера <...> міжнародныя выставы і іншыя культурныя мерапрыемствы патрабуюць добрых перакладаў \\\ чытачы / гледачы хочуць знаёміцца з арыгінальным зместам, і калі гэты змест ужо ўведзены ў беларускі кантэкст, то гэта дазваляе чытачу / гледачу далей развівацца ў беларускім полі \\\ культуртрэгерства \\\ переводы помогают беларусам перемещаться по миру, эмигрировать, позволяют существовать практически всем НГО и распространять их идеи, читать новые книги \\\ расширение культурного и делового контекста \\\ благодаря переводам в Беларуси налаживаются культурные, экономические, общественные связи между обычными людьми и целыми странами <...> последние годы были переведены десятки книг, в первую очередь на белорусский язык. Они способствуют популяризации белорусского языка \\\ развіваюць мову, папулярызуюць добрую літаратуру \\\

Адказы наводзяць на мноства новых пытанняў: напрыклад, каго і калі разглядаць як ключавых бенефіцыяраў перакладу – канкрэтных асобаў, беларускую культуру ці “агульную” чалавечую культуру ў цэлым? У чым праяўляюцца ўлада і адказнасць перакладчыцкай супольнасці? З улікам заяўленай тэмы мы сфакусаваліся на наступным: шмат перакладаў робіцца “для сябе”, у дачыненні да іх сустракаецца нават слова “падзвіжніцтва”; пры гэтым мастацкія пераклады, выконваючы шырокі спектр функцый, прафесіяналізаваныя менш за немастацкія.

Пытанні, якія вынікаюць з гэтага: што выступае вырашальнай матывацыяй заняцца перакладам? Як праблематызуецца неаплачваная перакладчыцкая праца або праца “ў стол”?

Дыскусія

У сваіх прамовах перакладчыцы далі зваротную сувязь на вынікі апытання, звярнулі ўвагу на супярэчнасці і дылемы, з якімі сутыкаюцца ў сваёй практыцы, а таксама на абставіны апошніх двух гадоў. Гэтак, Алена Талапіла пазнала ў адказах асаблівасці ўласнага ўспрымання прафесійных выклікаў на розных стадыях сваёй кар’еры, а таксама заўважыла, што ўсё часцей гульні, асалодзе, эгаізму супрацьстаяць не толькі ўяўленні пра самааддачу, місію перакладу і г. д., але і меркаванні бяспекі.

Алена Пятровіч упамянула, што ў перакладчыцкай дзейнасці падзел паміж хобі і работай, у адрозненне ад большасці прафесій, часта расплывісты; прадставіла асабісты досвед перакладу ў вольны час як пракрастынацыі (далей у дыскусіі ён таксама называўся тэрапеўтычным); адгукаючыся на пытанне бачнасці, звярнулася да зносінаў з выдавецтвамі, дзе імёны перакладчыкаў і перакладчыц часцяком застаюцца ў цені аўтарскіх і ўласна выдавецкіх.

Неля Вахоўська адзначыла падабенствы ў характарыстыках перакладчыцкіх супольнасцяў Беларусі і Украіны (такія як узроставая структура і гендарны склад), а таксама падзялілася дэталямі з украінскага кантэксту: тут на працягу мінулых дзесяці гадоў скачок у прафесіяналізацыі, а таксама кніжны бум і дэцэнтралізацыя культурніцкага жыцця. Неля таксама падзялілася вынікамі даследаванняў, прысвечаных перакладу ва Украіне (азнаёміцца з адным з іх можна тут: TIA-Research 2021 - Summary [EN]: https://bit.ly/3r3Ch6h).

Адказваючы на пытанне з аўдыторыі пра перспектыўныя формы салідарызацыі супольнасці, Неля падкрэсліла, што аб’ядноўваць і арганізоўваць надзвычай разнароднае мноства перакладчыкаў і перакладчыц вельмі складана, і прэкарызацыя перакладу не спрашчае гэтую дзейнасць.

Алена Талапіла нагадала, што рэпрэсіі ў Беларусі сёння закранаюць і перакладчыцкую супольнасць – калі не наўпрост, то праз закрыццё інстытуцый, якія падтрымоўвалі пераклады, адсутнасць прэзентацый і наступны змушаны разрыў з чытачамі. З іншага боку, адзначыла Алена, у апошнія паўтара года для беларускіх перакладчыц і перакладчыкаў адкрываюцца новыя рэзідэнцыі, назіраецца ўзрастанне інтарэсу да Беларусі. Такім чынам, нават выцісканне перакладчыкаў і выдаўцоў з фізічнай тэрыторыі Беларусі можа неспадзявана стаць штуршком да творчасці – і эмансіпацыі.

З фокусам на актуальныя тэмы бяспекі, зносінаў з чытацтвам і салідарызацыі супраць пагаршэння ўмоваў працы неабмеркаванымі засталіся іншыя пытанні, у нечым больш традыцыйныя. Наколькі характэрна для беларускай прасторы апраўданая сёння барацьба за аўтэнтычнасць ужыванай мовы (яе прысутнасць ва Украіне коратка ўзгадала Неля)? У чым значэнне дыскусіі пра варыянты моўнай нормы, калі гэтая мова ў цэлым знаходзіцца для большасці па-за нормай? Ці трэба (і як) перакладаць так, каб беларуская аказвалася ўсё “нармальнейшай”? А як трансфармуецца статус рускай мовы ў новых абставінах? Паказальна, што гэтыя і іншыя “ўласна моўныя” пытанні сёння аказваюцца неаддзельнымі ад пытанняў сацыяльных, юрыдычных і палітычных. Дысцыпліна і эмансіпацыя як эфекты перакладу часцей прадукуюцца не на ўзроўні абстрактных лінгвістычных тэорый ці (паліт-)ідэалогій, а кропкава – у асабістых біяграфіях, праектах і калектывах.

PDF

Andrei Vazyanau, Foto: © Maria Matjaschowa

Андрэй Вазьянаў атрымаў PhD па сацыяльнай антрапалогіі ва Універсітэце Рэгенсбурга, Германія. З 2018 года выкладае на факультэце сацыяльных навук Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні і працуе як даследнік Менскай урбаністычнай платформы (Беларусь/Літва). Яго этнаграфічны досвед уключае гарадскую і калабаратыўную этнаграфію з акцэнтам на мабільнасці, выкарыстанні часу і гукавых ландшафтах у Данбасе, Украіна (2011 – 2013), Румыніі (2015-2016) і Беларусі (2017 – 2021). Яго навейшыя публікацыі закраналі тэмы клопату і выкарыстання новых СМІ падчас масавых рэпрэсій у Беларусі.

Андрэй — аўтар і перакладчык выданняў на англійскай, беларускай, украінскай, літоўскай, рускай і нямецкай мовах.

Verwandte Artikel
Нябачная праца
Графічная серыя, 2021
Мовы ў гарадской прасторы
Менскі краявід з пасткай для перакладчыка